«Ой, ішоў бы ён ужо на пенсію!» Лукашэнка змагаецца са снегам – беларусы яму пішуць


На Гарадзеншчыне сёлета ажно 27 дарожнікаў і камунальнікаў прыцягнулі да адказнасці за не расчышчаныя ў тэрмін дарогі. Прыклад барацьбы са снегам падало найвышэйшае мясцовае кіраўніцтва. Шчаслівы трымае ў руках шуфель былы міністр аховы здароўя, а цяпер кіраўнік Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік. А вось і былы міністр унутраных справаў, а цяпер памочнік прэзідэнта – інспектар па Гарадзенскай вобласці Юрый Караеў. Прыбіралі найважнейшыя месцы ў горадзе: дарогу паміж будынкам КДБ і пастарункам міліцыі ды ваколіцы райвыканкаму. У акно напярэдадні выглянуў і сам Аляксандр Лукашэнка: «Зімы заўсёды былі не зімамі, а сёлета сапраўдная зіма».

Шуфля ў рукі не ўзяў, але даў параду сталічнаму кіраўніцтву:

«Трэба, каб людзі самі падключаліся да прыбірання. Дакладна людзям сказаць: слухайце, сітуацыя такая: гэтая тэрыторыя за вамі».

Мы запыталіся ў менчукоў, ці дасталі яны ўжо шуфлі, ці набылі снегаўборачную тэхніку, каб прыбіраць сталіцу.

«У мяне толькі дзіцячая лапатка».

«У мяне толькі на лецішчы рыдлёўка, таму ў мяне няма чым прыбіраць, і нават дзіцячых няма».

«Гэта іх праца, мне ж ніхто не дапамагае на маёй працы!»

«Я не маю сіл хадзіць, не тое што рыдлёўку ў руках трымаць».

«Трэба моладзь прыцягваць, школьнікаў».

Так і робяць. Гледачы нам даслалі відэа: «Школа… малойцы, працуем замест камунальнікаў!» Гэтак са снегам справіліся… Як адзначыў Лукашэнка, усё ж не завея стала нечаканасцю, а…

«Нечаканасць для нас у тым, што людзі скардзяцца, мы маніторым інтэрнэт па ўсіх каналах».

Адзін з такіх каналаў – сайт Лукашэнкі. У абноўленай яго версіі з’явілася рубрыка «ліст прэзідэнту». Кожны ахвотны можа адправіць паведамленне.

«Што мне хацелася б напісаць? Ой, ішоў бы ён ужо на пенсію!»

«Каб ён закругляўся б ужо, таму што мы ад яго стаміліся».

«На пенсію пара, хай адпачывае».

«Чаму мы мала зарабляем? У крамах усё расце, а мы капейкі атрымліваем».

«Правесці новыя выбары, адпусціць палітвязняў».

«Каб ён жыў 100 гадоў і ніколі не паміраў».

«Зменшыць колькасць чыноўнікам, і тым, што застануцца, хвасты прыкруціць».

«Я б яму сказала дзякуй, што надта добрую пенсію даў, што не ведаеш, куды яе сунуць».

«Яму меркаванне людзей не цікавае», – кажуць жыхары Менску. Прынамсі, заклікі, што ўжо паўгода гучаць у інтэрнэце, у незалежных медыях ды на беларускіх вуліцах, не выконваюцца.

Вольга Старасціна, «Белсат»