Cудовы дзень: журналістаў «Белсату» арыштавалі, у Віцебску рэпрэсуюць актывістаў


З журналістаў робяць хуліганаў, абураюцца нашыя калегі, што прыйшлі на адміністратыўны працэс у суд Савецкага раёну сталіцы. Любоў Лунёву і Змітра Солтана затрымалі ў панядзелак каля філармоніі, калі здымачная група «Белсату» ладзіла вулічнае апытанне, і з тых часоў іх трымалі за кратамі. Цяпер судзяць паводле артыкулу 17.1.

«Гэта проста нечаканы артыкул адносна нашых калегаў, дробнае хуліганства. Нібы яны ў будынку РУУС паводзілі паводзілі сябе па-хуліганску, крычалі, размахвалі рукамі і называлі міліцыянтаў фашыстамі і карнікамі. Выступаюць сведкамі міліцыянты, якія выступаюць на ўсіх судах з аднолькавымі прозвішчамі», – распавядае Ірына Слаўнікава, прадстаўніца «Белсату» ў Беларусі.

Суддзя Марына Фёдарава, вядомая праваабаронцам сваім удзелам у палітычных працэсах і жорсткімі выракамі, прысудзіла Дзмітрыю Солтану 15 дзён арышту, а Любові Лунёвай – 10.

«Людзей проста так забралі з вуліцы, проста так напісалі, што яны лаяліся. Суддзя чула ілжэсведчанні міліцыянтаў, і нічога не зрабіла», – абураецца валанцёрка Святлана.

Напярэдадні ў Менску распачаўся суд па крымінальнай справе адносна журналісткі Кацярыны Андрэевай і аператаркі Дар’і Чульцовай. Іх вінавацяць у «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» – толькі за стрым з плошчы Пераменаў, калі міліцэйскі спецназ разбураў народны мемарыял Раману Бандарэнку. Працэс працягнецца 16 лютага.

Вось што кажуць жыхары і госці Віцебску:

«Свабоды слова ў Беларусі няма».

«Поўная адсутнасць, поўнае бязмежжа. Абсалютнае беззаконне».

«Усё замоўчваецца, а калі дзе свабода слова, то адразу на чалавека знаходзіцца артыкул».

У Віцебску вялізны штраф – 870 рублёў – мусіць заплаціць Таццяна Юхо. На мінулым тыдні яе затрымалі з накладам газеты «Віцебскі веснік«, канфіскавалі 500 асобнікаў. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня газета выходзіць у фармаце «самвыдату». Артыкул такі ж, як супраць большасці белсатаўцаў – 22,9 («Дзейнасць СМІ без дазволу»).

«Затрымалі мяне міліцыянты, патруль. Сказалі, што быў званок аб распаўсюдзе інфармацыя, якая мае сведчанні супраць міліцыі і АМАП», – распавядае Таццяна Юхо.

Адміністратыўны вырак вынесла суддзя Чыгуначнага раёну Віцебску Алена Цыганкова.Таццяна Юхо будзе абскарджваць рашэнне ў абласным судзе. Сёння ж у Віцебску прайшла серыя ператрусаў у актывістаў. Таццяну Туравец жорстка затрымалі, абвінавацілі ў супраціве і абразе міліцыянтаў. Шукалі гранаты і наркотыкі, кажа яе дачка Ангеліна.

«Ператрус быў а палову на першую начы, прыехала шмат людзей, яна іх не пускала, пытала, дзе панятыя. Ёй пагражалі кайданкамі, яна казала, што іх не пусціць. І мы даведаліся, што яе павязалі ў кайданкі».

Суддзя Міхаіл Зубеня прысудзіў штраф 870 рублёў.

«Чаму суддзя не заўважыў, што паказанні сведкаў запісаныя слова ў слова, пад дыктоўку? Я патлумачыла, што яны не маглі нічога бачыць, пра што сведчылі. Усе аператыўнікі хлусяць, абараняюць сябе», – абураецца Таццяна Туравец.

А пасля суда Таццяну затрымалі паводле падазрэння ў пагрозе гвалту адносна працаўніка міліцыі (крымінальны артыкул 364).

Праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 7 асобаў. Агулам у Беларусі цяпер 246 вязняў сумлення.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».