У Эквадоры мафія зарганізавала мяцеж


Не менш як дзесяць асобаў загінулі, сто сорак да гэтага часу застаюцца ў закладніках. У Эквадоры мясцовая мафія зарганізавала мяцеж: у турмах учынілі бунты, а на вуліцах – пагромы. Гэта адбылося пасля абвяшчэння ў Эквадоры надзвычайнага становішча пасля знікнення з турмы лідара аднае з мафіёзных груповак. Злачынцы з наркакартэляў у жывым эфіры захапілі тэлеканал і ўзялі ў закладнікі некалькіх паліцыянтаў. Міністэрства замежных справаў Беларусі звярнулася да суайчыннікаў з рэкамендацыяй часова адмовіцца ад наведвання Эквадору.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Узброеныя людзі ў балаклавах урываюцца ў студыю эквадорскага тэлеканалу ў партовым горадзе Гуаякіль. Пагражаючы зброяй, яны бяруць у закладнікі працаўнікоў тэлеканалу. Людзям загадалі легчы на падлогу, за кадрам чуваць стрэлы і крыкі. І ўсё гэта – у жывым эфіры.

«Мы былі ў аддзеле навінаў. Я ўбачыў калегу са спалоханым тварам. Ён сказаў: “Яны ідуць нас забіць. Яны ўжо ўвайшлі на тэлебачанне”», – кажа адзін з працаўнікоў тэлеканалу «El Noticiero TC Televisión».

Праз некалькі хвілінаў пасля захопу паліцыя пайшла на штурм.

Пасля зачысткі тэлеканалу шэф эквадорскай паліцыі паведаміў, што ўсе злачынцы арыштаваныя. Усяго затрымалі 13 асобаў. У іх знайшлі некалькі адзінак агнястрэльнай зброі, дзве гранаты і выбухоўку. Працаўнікі тэлеканалу, як запэўнівае паліцыя, не пацярпелі. Шмат у якіх частках Эквадору апошнімі днямі грымяць выбухі. У горадзе Куэнка невядомыя кінулі самаробную бомбу ў вайсковы грузавік. На вуліцах пачаліся беспарадкі. Банды разбураюць і абстрэльваюць аўтамабілі.

Сілы бяспекі патрулююць пасля ўспышкі гвалту ў Эквадоры.
Фота: Карэн Тора / Reuters

Бунты распачаліся ў турмах шасці з дваццаці чатырох правінцыяў Эквадору. Паводле звестак эквадорскай службы выканання пакаранняў, зняволеныя трымаюць у закладніках сто дваццаць пяць ахоўнікаў і 14 працаўнікоў адміністрацыі. У сувязі з гэтымі падзеямі кіраўнік Аб’яднанага камандавання Узброеных сілаў Эквадору зрабіў зварот.

«З гэтага моманту кожная тэрарыстычная групоўка, названая ў згаданым указе, робіцца ваеннай цэллю. На кон пастаўленая сучаснасць і будучыня нашае краіны, і ніякія акты тэрору не прымусяць нас здацца. Мы не адступім і не пойдзем на перамовы», – дадаў Хайма Вэла.

Мяцеж пачаўся пасля таго, як прэзідэнт абвясціў у краіне надзвычайнае становішча і ўвёў каменданцкую гадзіну. Гэта была захада ў адказ на ўцёкі з турмы завадатара адной з мафіёзных груповак. Гісторык і лацінаамерыканістка Алена Богуш называе падзеі ў Эквадоры вайною дзяржавы з наркакартэлямі.

«У Эквадоры даўно кіруюць наркакартэлі. Ён размешчаны акурат паміж двума буйнымі вытворцамі какаіну: Калумбіяй і Перу. І апошнія гады ён стаў важным транзітным цэнтрам. Акрамя таго, дзесьці 80 % сусветнага гандлю наркотыкамі ідзе праз парты. І эквадорскі порт Гуаякіль вельмі важны», – зазначыла Алена Богуш.

Паводле звестак паліцыі, у беспарадках загінулі сама меней дзесяць асобаў, у тым ліку двое паліцыянтаў. Мэр Гуаякілю заклікаў увесці ў горад войскі.

Павел Алейнікаў, Аліна Шаўчэнка, «Белсат»