Прапанова для «айцішніка»: адкупіцца ад рэпрэсіяў


Падобна, што не будуць кідаць у турмы тых працаўнікоў Парку Высокіх Тэхналогіяў, якія фінансава дапамагалі рэпрэсаваным. Паводле двух крыніцаў «Dev.by» спецслужбы апрацавалі звесткі аб данатах у фонды BySol і ByHelp у 2020-21 гадах. Гаворка пра пераводы, якія рабіліся з беларускіх карт, калі фонды яшчэ не былі занесеныя рэжымам у спіс «экстрэмісцкіх». Высветлілі, чаму карная сістэма «злітавалася» з айцішнікаў. Даведаліся пра развіццё сталічнага ПВТ.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не пазбаўляць асобу свабоды, але спагнаць высокі штраф у кожнага айцішніка, які дасылаў грошы ў фонды «BYSOL» і «BYHELP». Dev.by піша, што дырэктар Адміністрацыі Парку высокіх тэхналогіяў дамовіўся з рэжымам, каб той пакінуў на волі «праз выкуп» працаўнікоў, што падтрымлівалі сем’і рэпрэсаваных беларусаў у паслявыбарчы год. Заснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак мае пацверджанне:

«Такі спіс, з якім прыйшлі да кіраўнікоў кампаніяў чальцоў ПВТ рэальна існуе. У гэтым спісе ёсць людзі, супрацоўнікі гэтых кампаніяў, якія рабілі нейкія данаты. Трэба падкрэсліць, што данаты рабіліся на фандрайзінг Фэйсбуку, гэта значыць, што дэталізацыя, на які канкрэтна фандрайзінг, у сілавікоў няма».

Андрэй Стрыжак мяркуе, што сілавікі унеслі у свой спіс усіх, хто некуды данаціў у 2020-21 гг. Пра бяспечнасць сваіх базаў данатаў заявіў і Аляксей Лявончык з «BYHELP»:

«Я выключаю ўцечку звестак з базаў кампаніі “BYHELP”. Было б у нас дзірава – нашыя людзі ў Беларусі даўно б сядзелі. У нас дагэтуль асноўная частка аплатаў адбываецца ўнутры краіны. Мы па-ранейшаму можам дастаўляць у Беларусь дзясяткі тысячаў на тыдзень гатоўкай».

Лукашэнкаўцы рассылаюць па ІТ-арганізацыях спісы супрацоўнікаў, якія маюць пералічыць на пэўны рахунак суму данату, памножаную на дзесяць, «каб пазбегчы далейшых праблем». Калі для ПВТ і сапраўды зрабілі такі вынятак, то гэта новы падыход.

«Раней нікога не турбавала, наколькі ты цэнны кадр і што ты рабіў на сваёй працы. Заводзілася крымінальная справа і чалавек адпраўляўся адбываць пакаранне», – заўважыў Андрэй Стрыжак.

Магчыма, рэжым імкнецца захаваць ІТ-галіну, з якой у страху і праз санкцыі уцякаюць кадры. Сярод найбуйнейшых – кампаніі «Pandadoc» і «Wargaming» сышлі з беларускага ПВТ да таго, як рэжым увёў забарону на выхад з бізнесу для амаль двух соцень кампаніяў з замежным капіталам. Вытворца праграмнага забеспячэння – «EPAM» не паспеў сысці і трапіў у сумнавядомы спіс недружалюбных.

«Адмыслоўцы ў адміністрацыі так званага кіраўніцтва Беларусі імкнуцца любымі метадамі захаваць падаткаплатніцкую базу Беларусі, таму што кампаніі з міжнародным капіталам сыходзяць, працаўнікі зʼязджаюць. Такія меры толькі часовыя. Не можна спыніць таго, што як навала сыплецца па ўсіх франтах», – казаў «Белсату» фінансіст Віталь Алейнік.

Гэтак і адбываецца. Паводле крыніцы «Белсату» у «EPAM», на пачатку 2020 году беларускім офісе працавалі 11 тыс асобаў. Цяпер – 4 500, а да канца бягучага году плануецца пакінуць у Менску толькі 2 500 працаўнікоў.

«Рэальна зʼехала палова. І гэта відавочна будзе працягвацца. Усе вядомыя мне кампаніі зменшылі штат, ці то зусім сышлі з краіны. У асноўным гэта дыктуецца зыходам бізнесу або зыходам з Беларусі кліентаў, якія не жадаюць браць на сябе рызыкі (працы ў Беларусі – дап. Рэд)», – ананімна распавёў менеджар ІТ-кампаніі рэзідэнта ПВТ.

Паводле прагнозу рэлакаванага напярэдадні менеджара адной з кампаніяў ПВТ да канца бягучага году парк парадзее яшчэ на палову ад сённяшняй колькасці рэзідэнтаў. А згодна з падлікамі выдання «Беларусы і рынак», з 46 кампаніяў-піянераў ПВТ (то бок зарэгістраваных у 2018-ым годзе) 1/5 частка ці то ўжо ліквідаваліся, ці праводзяць працэдуру банкруцтва. Усе гэтыя кампаніі – з удзелам замежнага капіталу. Рэлакаваны ў Літву айцішнік Максім лічыць, што пэўныя працэсы могуць сёлета цалкам знішчыць галіну.

«Калі, напрыклад пачнецца вайна і закрыюць межы – то ўсё. Гэта азначае адразу, што «айцішка» зачыніцца і ўсе айцішнікі, якія знаходзяцца ў Беларусі, страцяць працу», – кажа Максім.

На гэты ж дзень заснавальнікі фондаў «BYHELP» і «BYSOL» настойліва раяць пакінуць краіну тым працаўнікам ПВТ, каго выклікаюць на размову. Паколькі яна ўсцяж можа скончыцца не толькі прапановаю адкупіцца за данаты.

Юлія Цяльпук, «Белсат»