Yara пакідае Беларусь


Нарвежскі вытворца мінеральных угнаенняў – кампанія Yara перастане набываць калій з Беларусі. Гэта рашэнне – не падтрымка санкцыйнай палітыкі Еўропы, а вымушаная захада, падкрэсліў кіраўнік кампаніі. Ці наблізіць разрыў кантрактаў да мэтаў, якіх апазіцыя хацела дасягнуць праз эканамічны ціск на рэжым у Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Yara» – спонсар катаванняў». Так заяўляюць прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія і зімой, і летам пратэставалі пад вокнамі нарвежскай кампаніі ды амбасадаў. Пісалі петыцыі, патрабуючы разарваць кантракты з «Беларуськаліем».

Віталь Алейнік, удзельнік кампаніі ціску на «Yara», кажа:

«Амаль паўтары гады сапраўднай барацьбы паміж сквабнасццю асобнай карпаратыўнай кампаніі Еўропы і людзьмі, якія выступалі за агульначалавечыя каштоўнасці – скончыліся перамогаю менавіта людзей, што мы сёння і павінныя святкаваць».

Кіраўнік «Yara» Свайн Турэ Гулсэтэр, нават сыходзячы з Салігорску, інакш бачыць сваю працу з прадпрыемствам беларускага рэжыму.

Закупкі калію ў Беларусі «Yara» згортвае толькі таму, што экспартаваць калійныя ўгнаенні з Салігорску адмовіліся іншыя кампаніі з ланцугу паставак. Да першага красавіка – дня ўступлення ў сілу санкцыяў ЗША супраць Беларускай калійнай кампаніі – «Yara» абяцае спыніць .

«Yara цвёрда прыхільная ўсеагульным правам чалавека і асуджае любыя формы рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека. Пры падтрымцы праваабарончых арганізацыяў і прафсаюзаў Yara дамагаецца пазітыўных зменаў, выкарыстоўваючы сваю прысутнасць у Беларусі для прасоўвання бяспекі працы і правоў чалавека. (…) Наступствы цяперашніх санкцый для Беларусі зніжаюць здольнасць Yara станоўча ўплываць на бяспеку і дабрабыт работнікаў “Беларуськалію”», – напісана ў заяве кампаніі.

Адмовіцца ад супрацы з «Беларуськаліем» кампанію «Yara» пераконвала Святлана Ціханоўская. Жнівеньскі візіт у Нарвегію і тэлефонныя перамовы ў снежні поспехам не ўвянчаліся. Тым не менш, старэйшы дарадца Ціханоўскай адзначыў:

«Упершыню настолькі буйная кампанія сыходзіць з беларускага рынку. Гаворка пра сотні мільёнаў, а можа і мільярды долараў, якія рэжым патэнцыйна недаатрымае. Гэта тыя грошы, якія павінныя ісці на рэпрэсіі, на сілавікоў, на амапаўцаў, на аўтазакі».

Раней дэмакратычныя сілы дамагліся сыходу з Беларусі яшчэ 32-юх кампаніяў. Сярод Сярод іх «British American Tobacco», «Rolls-Royce», «Scandia Steel», «Becker Group», «Hansen & Rosenthal». Кампаніям прапанавана разам распрацаваць інвестыцыйны план для Беларусі пасля пераменаў. Эканамічны ціск у канчатковым выніку мае давесці да правядзення сумленных выбараў і вызвалення палітвязняў.

«Калі мы кажам пра пытанне вызвалення палітвязняў, пра пэўную дээскалацыю ўнутры краіны, то так – такі эфект магчымы, хаця на яго давядзецца пачакаць», – лічыць дырэктар цэнтру «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Адмовы Аляксандра Лукашэнкі ад улады і правядзення сумленных выбараў палітолаг чакаць не раіць. Агулам ён мяркуе, што эфект абмежавальнай кампаніі Захаду расцягнецца ў часе.

«Я думаю, што стратэгія тых, хто санкцыі ўводзіць заключаецца ў тым, што далейшыя рэпрэсіі робяцца больш дарагімі, ускладняюцца. І ўжо псіхалагічна той бок разумее, што ў выпадку любой эскалацыі будуць дадатковыя гіры, дадатковыя абмежаванні, дадатковыя праблемы», – дадае Андрэй Казакевіч.

Апаненты вертыкалі, якая ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, абяцаюць працяг санкцыйнага ціску на Менск.

Юлія Цяльпук, «Белсат»