Дзяржпрадпрыемствы апускаюцца на дно


На Гомельскі завод ліцця і нармаляў шукаюць каля 300 рабочых, а гэта больш за 10% ад складу ўсіх працаўнікоў. Заробак прапаноўваюць 280 да 400 долараў ЗША ў эквіваленце. Да прыкладу, 800 рублёў прапануюць свідравальнікам і аператарам металарэзных станкоў-аўтаматаў. На 700 рублёў шукаюць электразваршчыкаў, токараў і слесараў механазборачных работаў. Але ці годны гэта заробак за такую працу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Эканаміст Леў Марголін кажа, што гэтае прадпрыемства са шкоднай вытворчасцю. Людзі разумеюць, што яны губляюць сваё здароўе, і для гэтага патрэбны нейкі вялікі стымул. Вядома, што 400 долараў не могуць быць такім стымулам.

Як бачна з гадавой справаздачы за 2020 год, Гомельскі завод ліцця і нармаляў працаваў з чыстаю стратай у больш за 250 000 000 рублёў. Калектыў заводу скараціўся на 344 асобы. Гледзячы на колькасць вакансіяў на адпаведным кірмашы, сітуацыя за мінулы год не выправілася.

Па словах Льва Марголіна:

«Спецыялісты высокай кваліфікацыі: станочнікі, ліцейшчыкі, зваршчыкі – яны даволі лёгка знаходзяць працу цяпер. Калі яны хочуць, яны могуць выехаць за межы Беларусі і знайсці сабе прымяненне і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Расеі».

Падобная сітуацыя на шмат якіх дзяржаўных прадпрыемствах. Згодна статыстыцы, колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы, летась скарацілася амаль на 50 тысяч чалавек. Асабліва істотная страта ў кадрах назіраецца на буйных і сярэдніх дзяржаўных прадпрыемствах.

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, з аднаго боку – шмат такіх вакансіяў, з другога боку – дырэктарат гэтых прадпрыемстваў не мае матывацыі зрабіць як мага лепш. Таму што ёсць «кармушкі», асваенне рэсурсаў, арэнда нейкіх памяшканняў і г. д. Ёсць відавочны канфлікт паміж інтарэсам прадпрыемства і інтарэсам кіраўніцтва.

Эканамісты кажуць, што адным з самых слабых месцаў у эканамічным плане ўраду і сёлета застаецца занятасць і аплата працы, якія ў існых умовах пазбаўленыя базы для здаровага і арганічнага росту.Паводле Раманчука:

«Адток капіталаў, кампетэнцыяў і ведаў – гэта асноўная пагроза існаванню беларускага «саўка» і сістэмы дзяржплану. Катастрафічна не хапае тых людзей, якія б нават на 1000 долараў давалі добрую якасць працы, таму што людзям, якія ведаюць сабе цану, – ім важна не толькі, каб капалі тыя грошы, ім важная свабода, важная годнасць, важна чалавекам звацца ў сваёй краіне, а менавіта гэтага ў Беларусі ўжо няма».

За мінулы год кадры гублялі ўсе галіны, акрамя інфармацыйных тэхналогіяў і сувязі. Больш за ўсё работнікаў сышло з будаўніцтва, прамысловасці і сельскай гаспадаркі – больш за 30 тысяч чалавек толькі з названых галінаў. Праблемы ж з занятасцю і аплатаю працы, паводле эканамістаў, ёсць прамым вынікам сістэмных праблемаў, развязання якіх пры гэтым рэжыме не прадбачыцца.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»