1 траўня вырастуць заробкі, пенсіі – і кошты


Ілюстратыўнае фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Травень прынясе рост пенсіяў, заробкаў бюджэтнікаў і аднаразовых выплатаў на дзяцей. Таксама чакаюцца і падаражэнні.

Заўтра на 6,5 % вырастуць працоўныя пенсіі. Таксама павялічацца мінімальныя і сацыяльныя пенсіі. Больш як на Br 7 вырасце бюджэт пражытковага мінімуму. Ён складзе Br 224,02. Адпаведна падрастуць аднаразовыя выплаты пры нараджэнні дзяцей ды аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік да 12-ці тыдняў цяжарнасці.

Таксама з 1-га траўня перагледзяць памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў.

Відэасюжэт пра падвышэнне заробкаў, пенсіяў і коштаў глядзіце ў поўным выданні навінаў за 30 красавіка

У сераду вырастуць і заробкі бюджэтнікаў. Павялічыцца памер тарыфнай стаўкі першага разраду для разліку заробка.

Ад заўтра ўвядуць часовую – да апошніх дзён верасня – зніжку 50 % на праезд у цягніках рэгіянальных лініяў эканам-класу для пенсіянераў.

З наступнага месяца на 5–10 капеек падаражэюць некаторыя віды цыгарэтаў. Каму яшчэ не праведзены газ, тыя адчуюць падаражэнне балонаў звадкаванага блакітнага паліва – на адзінаццаць капеек за кілаграм. Наш інтэрнэт-манапаліст у сярэднім на 4 % павялічыць кошт на доступ да інтэрнэту і пакетаў электрасувязі – ужо з трэцяга траўня. Таксама ў траўні могуць перагледзець стаўку рэфінансавання. Гэтае пытанне плануюць абмеркаваць на паседжанні Нацбанку ў пятніцу.

Вольга Чайчыц, «Белсат»