Асаблівасці нацыянальнага бюджэту-2022 і падзенне заробкаў, якім абяцаюць рост


Бюджэт на 2022 год – найбольш непрадказальны, чым калі кольвечы, а старанна ўпісаныя ў адпаведныя графы мільярды ўжо ў першым месяцы года будуць качаваць па спісе. Экспертная ацэнка дэфіцытнага бюджэту дырэктарам цэнтру Мізэса спрачаецца з абяцанкамі ўраду і Мінфіну пра рост заробкаў, інфляцыю ў межах 6-ці адсоткаў і эфектыўнае закрыццё бюджэтных дзір.

Праца ў дзве змены ў небяспечных варунках з цяжка хворымі на Ковід-19… Дадатковыя 206 мільёнаў рублёў выдаткавала сёлета дзяржава на надбаўкі лекарам. Якую частку грошай з’ела інфляцыя, падлічыць складана.

«Нельга дапусціць, каб коштавыя рызыкі пераходзілі з намі і ў наступны год. Там хопіць праблем і без таго, пачынаючы ад рызык, звязаных з так званымі санкцыямі, да якіх рэгулярна заклікае Захад, і сканчаючы пагрозаю распаўсюду пандэміі», – даказваў Лукашэнка пад час эканамічнай нарады.

Страты бюджэту 2022 года лічылі аптымістычна, але бюджэт усё адно атрымаўся дэфіцытны. То бок выдаткі на 3 мільярды долараў перавысяць даходы. Але беларусы маюць быць спакойныя – заклікаюць адказныя за фінансавую галіну.

«Калі кажуць, што не адабʼецца на стане бюджэтнікаў… намінальна можа быць так. Намінальна – гэта адно, але інфляцыя – іншае. Калі, напрыклад, не будзе даходаў ад той часткі эканомікі, якая генеравала гэтыя даходы ў 2021ым годзе – будзем вымушаныя зацягнуць паясы».

Яраслаў Раманчук падлічыў, што па выніках гэтага года даходная частка бюджэту органаў дзяржаўнага кіравання складзе ~ $ 24 млрд долараў. У наступным годзе будзе ~ $ 20 млрд (пры крытычным узроўні – $ 17 млрд).

«Але зноў, які будзе ўплыў санкцыяў. Ці яны будуць сектаральныя, ці кропкавыя? Ці будзе Беларусь прадаваць нафтапрадукты праз «схематоз» расейскага рынку? Усё гэта пытанні, якія зʼяўляюцца вельмі важнымі для таго, каб прагназаваць даходную частку бюджэту», – патлумачыў Яраслаў Раманчук.

Урад улічыў наступствы пятага пакету санкцыяў, якія між іншага заблакавалі экспарт на Захад беларускага азоту і нафтапрадуктаў. Улічыў санкцыі ЗША, якія ўчора закрылі шляхі прадукцыі «Беларуськалію».

Заклаў туды інфляцыю ў памеры 6 % і запэўніў – рост рэальных даходаў яе апярэдзіць. Агулам беларусам плануюць узняць заробкі на 8 % (то бок на 2 %, калі мінусаваць інфляцыю).

Лекарам і настаўнікам дзяржава абяцае рост на 12 % (то бок на 6 %). Сярэдні заробак лекара цяпер складае Br 2 300 рублёў, сярэдняга медперсаналу – Br 1 470 руб. Настаўнік атрымлівае Br 1 150 рублёў. У выпадку настаўніка заробак да аплаты падаткаў вырасце адно на Br 69 руб.

Таму павышэнне заробкаў гледачы «Белсату» успрынялі з іроніяй:

«Усім па 80 рублёў? Пакуль плануюць, кошты ў 80 разоў вырастуць».

«Не жылі заможна і не варта пачынаць».

«Інфляцыя 6 %? Смяюся да слёз».

Інсайдары Тэлеграм-каналу «The Бульба» распавялі пра размеркаванне бюджэтных грошай. Бачым, што найбольш грошай ідзе на ўтрыманне дзейнай палітычнай сістэмы і дзяржпрапаганды. На Br 4 млрд больш на «правільныя» навіны і толькі Br 200 млн на тую ж ахову здароўя.

Юлія Цяльпук, «Белсат»