Віктару Бабарыку споўнілася 60 год


Шэсцьдзесят гадоў спаўняецца Віктару Бабарыку. Гэта чацвёрты дзень народзінаў, які палітвязень сустракае за кратамі. З днём народзінаў яго павіншавала Святлана Ціханоўская. «Я веру, што вы трымаецеся, я веру, што вы не склалі рук», – гаворыцца ў ейным звароце. Пра асобу, вакол якой у 2020 годзе аб’ядналіся сотні тысяч беларусаў, у нашым матэрыяле.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Кожны ягоны ліст заканчваецца фразай “Мы разам!” Я думаю, што гэта пра тую салідарнасць, у якую ён верыць. Ён верыць у беларусаў», – распавядае жанчына, якая вядзе з Віктарам Бабарыкам перапіску.

Да дня народзінаў Віктара Бабарыкі ягоныя паплечнікі апублікавалі відэа. У ім – аднадумцы палітыка, актывісты, людзі, якія аддавалі за яго подпісы, дзеляцца думкамі пра гэтага чалавека.

«Я ведаў, што ён добры менеджар, што ў яго дастаткова эканамічных і фінансавых ведаў. І ўся ягоная праграма, ягоная ідэя выглядала суцэльнай. Ёй хацелася верыць. І здавалася, што з гэтага можа нешта выйсці», – кажа былы валантэр штабу Віктара Бабарыкі Лявон Халатран.

Віктар Бабарыка, які стаў адным з тых, хто кінуў выклік Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах 2020-га, не быў вядомы большасці беларусаў. Але ягоная каманда хутка сабрала ў чатыры разы больш за неабходныя для вылучэння ў кандыдаты 100 тысяч подпісаў. За дзень да іх падачы Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда затрымалі.

«Шалёна расла ягоная папулярнасць. Можна лёгка прыкінуць, што ён забраў бы большасць галасоў на выбарах. Гэта і адчуў нутром Лукашэнка, таму і вырашыў падстрэліць яго на самым узлёце», – лічыць палітычны аналітык праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / Instagram

6 ліпеня 2021-га Віктара Бабарыку засудзілі на 14 гадоў турмы. Абвінавачанні: легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам, і атрыманне хабару. Сёлета стала вядома, што ў няволі ў палітыка ўзніклі праблемы з сэрцам. Ад людзей, якія былі ў той жа калоніі, вядома, што Бабарыку адмыслова даюць самую цяжкую працу. Паведамляюць, што палітвязень жыве ў татальным інфармацыйным вакуўме. Апошні раз, калі ад Віктара Бабарыкі была пісьмовая карэспандэнцыя, – люты гэтага года. Няма звестак і пра шмат іншых палітвязняў.

Аляксандр Класкоўскі ўпэўнены, што «гэта момант помсты».

«Да таго ж, калі існуе такі інфармацыйны вакуўм, то есць спадзеў у ўладаў на тое, што людзі пра палітвязняў пакрысе забудуцца. І сацыялогія, хоць яна і крываватая цяпер, паказвае, што рэйтынг Бабарыкі пакрысе зніжаўся».

Да выбараў Бабарыка ўзначальваў «Белгазпрамбанк» і займаўся мецэнацкай дзейнасцю. Ён заснаваў міжнародны фонд дапамогі дзецям «Шанец», ініцыяваў тэатральны форум «ТэАрт» і праект «Арт-Беларусь». У нашую краіну вярталі працы вядомых ва ўсім свеце беларускіх мастакоў: Марка Шагала, Хаіма Суціна ды іншых. Бабарыка спрыяў вяртанню ў Беларусь арыгіналу Бібліі Францішка Скарыны. Пры ягонай дапамозе ў Менску стварылі культурніцкі хаб «ОК16».

«Гэта такая адукацыйная і мецэнацкая місія. Гэта прыклад менеджменту найвышэйшага ўзроўню ў культурнай сферы. Таму я спадзяюся, што ён выйдзе і зробіць нямала карысных справаў для Беларусі і беларускай культуры», – кажа кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Паплечнік Віктара Бабарыкі Лявон Халатран кажа, што 2020-ты так ці інакш будзе забывацца. Але, на ягоную думку, трэба працягваць рабіць тое, што ў нашых сілах. Тое, што будзе нас яднаць, а не адасабляць. Менавіта так, як гэта было ў 2020 годзе.

Аляксандр Асколаў, «Белсат»