Як жыве беларускі тэатр у выгнанні


«Ужо паспеў зайграць па-ўкраінску і па-беларуску, і вось апошні спектакль па-польску», – так беларускі актор Аляксей Сапрыкін падводзіць вынік года, пражытага ў Варшаве.

З Беларусі ён мусіў з’ехаць у 2021-м пасля содняў арышту, паспеў пажыць у Літве, Украіне і Чэхіі. Але заробкаў ад тэатральных праектаў на жыццё не стае.

«Спрабую дзесьці працаваць у сумежных з мастацтвам сферах – гэта і YouTube, і блогерства, TikTok у асноўным, за што фактычна таксама жыву і маю магчымасць не ісці піцу развозіць», – кажа Аляксей Сапрыкін.

У падобнай сітуацыі за межамі Беларусі апынуліся дзясяткі тэатральных дзеячаў, якія не пагадзіліся з сітуацыяй у краіне. Сярод іх Юрый Дзівакоў, Паліна Дабравольская, Святлана Бень, акторы з Купалаўскага тэатру, з берасцейскага тэатру «Крылы халопа», з гомельскага «Team theatre». Апроч таго – прадзюсары, піяршчыкі, менеджары, рэжысёры.

«Мы не можам працаваць кожны дзень на «фултайм», удзяляць гэтаму ўвагу. Мы чакаем нейкіх або грантаў, або стыпендыяў, якія дазволяць трошкі папрацаваць», – тлумачыць драматург і рэжысёр Віталь Карабань.

Беларускім акторам складана ўліцца ў замежныя тэатральныя калектывы, бо трэба дасканала валодаць адным з галоўных інструментаў прафесіі – моваю. Некаторыя абʼядноўваюцца ў новыя калектывы, але паўстае іншая праблема: тэатр – гэта не толькі калектыў творцаў і аднадумцаў, гэта таксама фізічная пляцоўка, дзе яны могуць рэалізоўваць свае творчыя ідэі. І такой пляцоўкі няма ў беларускіх актораў за мяжой – іх не падтрымліваюць ні лукашэнкаўская ўлада, ні ўлады тых краінаў, што іх прытулілі.

«Спрабавалі працаваць з існымі польскімі тэатрамі. Гэта, з аднаго боку, вельмі цікавы досвед, але пастаянна так немагчыма працаваць, бо ўсе польскія тэатры маюць свой шчыльны рэпертуар. Усе ведаюць, што для актора тэатр – гэта свой дом. Можна да іх прыйсці раз на два месяцы, часцей проста не можна», – кажа кіраўніца прадзюсарскай ініцыятывы «Inexkult» Вольга Кулікоўская.

У беларускіх спектакляў за мяжой ёсць свой глядач. Сведчыць пра гэта, да прыкладу, фэст, што адбыўся ў Варшаве ў жніўні, калі ў тэатрах звычайна мёртвы сезон. Арганізатары паказалі 12 розных спектакляў з поўнымі залямі. Паводле назіранняў Вольгі Кулікоўскай, беларусы замежжа наведваюць тэатр часцей, чым рабілі гэта на радзіме, у Беларусі. Таму ініцыятыва «Inexkult» збірае подпісы пад петыцыяй да польскіх уладаў, каб беларускім тэатральным творцам далі пляцоўку і фінансаванне.

«Мы яшчэ хочам відавочна, апроч квіткоў, паказаць, што ёсць аўдыторыя беларусаў у Польшчы, якія хочуць свой тэатр у сваёй традыцыі на сваёй мове», – тлумачыць Вольга Кулікоўская.

Яшчэ адна ініцыятыва, што мае дапамагчы развіццю гэтай галіны мастацтва, – стварэнне Інстытуту беларускага тэатру. У Варшаве адбылася трохдзённая канферэнцыя тэатральных дзеячаў, дзе абмеркавалі саму ідэю такой арганізацыі ды найбліжэйшыя планы. Удзел узялі і тыя, хто цяпер у Беларусі, і тыя, хто мусіў выехаць, як акторка, менеджарка культурніцкіх праектаў Святлана Гайдалёнак, якая працуе ў Польшчы і Швецыі:

«Мы намацваем агульную структуру, якая можа нас у найбліжэйшай будучыні абʼяднаць або нават прасоўваць далей беларускі тэатр, ужо не падзяляючы яго на сцэны прафесійныя – непрафесійныя, залежныя – незалежныя, але рабіць больш моцнымі на сусветнай сцэне».

Беларускі тэатр за мяжою патрэбны не толькі беларусам у выгнанні.

«Таксама можам даносіць праз тэатр нашыя праблемы, нашыя болі іншым гледачам, каб яны разумелі, што адбываецца ў Беларусі», – кажа Віталь Карабань.

Самі ж беларускія акторы атрымліваюць у вымушанай эміграцыі новы досвед і новыя кантакты. Якія прывязуць, вяртаючыся ў новую Беларусь.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»