У Беларусі не хапае аўтобусаў?


«Дзякуй прэзідэнту за аўтобус!» – гэткія словы лукашэнкаўскія чыноўнікі напісалі на транспарантах і раздалі іх дзецям у Чавусах. І хоць Беларусь – буйны вытворца аўтобусаў, самыя беларусы незадаволеныя з грамадскага транспарту. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аўтобус ад’ехаў ад прыпынку, а пасажыры засталіся стаяць. Партал «newgrodno.by» паведамляе аб праблемах з грамадскім транспартам у новым гарадскім мікрараёне Грандзічы. Нястача аўтобусаў на лініі адчуваюць і жыхары Гомля. Напрыклад, так выглядае праезд у аўтобусе нумар 8а. А цяпер на кадрах аўтобус нумар 61, які злучае Гомель з вёскаю Раманавічы. Мясцовыя жыхары паведамляюць і пра нястачу аўтобусаў на маршрутах 17, 34, 55.

Каб неяк развязаць сітуацыю, у Гарадзенскім аўтапарку жыхарам параілі звяртацца да іх з пісьмоваю скаргай. А ў Гомельскім аўтапарку – адразу пісаць у гарвыканкам.

«Гэта не нашая праблема, няхай на гарвыканкам выходзяць. Калі дадуць дабро, то мы дададзім машыны. Што мы можам зрабіць? Калі будзе рашэнне гарвыканкаму дадаць, то дададзім. Мы ж самі не вырашаем. У гарвыканкам няхай звяртаюцца ўсе, хто хоча болей грамадскага транспарту», – сказаў нам на ананімных умовах працаўнік Аўтобуснага парку №1 у Гомлі.

Перад кіраўніцтвам аўтапаркаў сёння ў першую чаргу стаяць ідэалагічныя і прапагандысцкія задачы, мяркуе ўрбаніст Данііл Аленіюс.

«Дзякуй прэзідэнту за аўтобус!» – гэткія словы чыноўнікі напісалі на транспарантах і раздалі іх дзецям. Такім чынам у Чавусах адзначылі зʼяўленне двух школьных аўтобусаў, узятых у лізінг.

«У прынцыпе канцэпцыя грамадскага транспарту ў Беларусі пры дзяржаве Лукашэнкі такая, што гэта трэба бабуль вадзіць, гэта такі сацыяльны транспарт. Не было мэты зрабіць паўнавартасны від транспарту, які можа замяніць большай частцы людзей аўтамабіль», – мяркуе блогер-урбаніст Данііл Аленіюс.

Беларусы пакутуюць ад нястачы грамадскага транспарту і дрэннага стану аўтапарку, але пры гэтым Беларусь – вытворца аўтобусаў і тралейбусаў. І ў гэтым ёсць логіка, кажа эканаміст Аляксей Харкевіч:

«Задача дзяржаўнай карпарацыі – прадаваць аўтобусы за мяжу, каб атрымліваць жывыя грошы, і другая задача – унутраныя выдаткі зрабіць меншымі. Нашым беларускім гарадам дастаецца аўтахлам – гэта ў мэтах унутранай эканоміі».

Пры гэтым і на замежным рынку МАЗ не адчувае сябе ўпэўнена: пастаўкі гатовай прадукцыі ва Украіну спыніліся, праз санкцыі ўзніклі праблемы з еўрапейскімі камплектавальнымі, якія замяніць на расейскія ці кітайскія за кароткія тэрміны не так і проста.

«Будзе вельмі вялікае прасяданне найбліжэйшы год з пункту гледжання нястачы камплектавальных і падзення абаротаў вытворчасці, але я думаю, што будуць выходзіць за кошт мінулых запасаў. Гэта раз. І два – цыкл вытворчасці дастаткова працяглы, і таму мы заўважым падзенне не ў гэтым годзе, а толькі ў наступным», – разважае эканаміст Аляксей Харкевіч.

Што да галіны грамадскага транспарту, то для пастаяннага і паўнавартаснага яе развіцця патрэбныя рэформы. Як мінімум пазбавіцца сістэмы, калі людзі чакаюць наказу зверху, кажа блогер-урбаніст Данііл Аленіюс:

«А калі Беларусь абярэ еўрапейскі шлях і да нас зойдуць еўрапейскія інвестыцыі, напрыклад, Еўрапейскі фонд развіцця, які інвестуе ў транспарт Польшчы ды іншых краінаў, то ў прынцыпе яны не толькі надаюць велізарныя грошы пад сучасны транспарт, але і сочаць за празрыстасцю тэндараў, ці правільна робіцца рэформа маршрутнай сеткі, і мы будзем увогуле цалкам застрахаваныя».

А да таго часу мы працягнем ездзіць у перапоўненых і паламаных аўтобусах…

Вольга Васільева, «Белсат»