Мапы і праграмы інтэграцыі для стварэння Саюзнай дзяржавы


Выпрацаваць агульныя правілы гульні ды прапісаць надзейныя дамоўленасці ўлады Беларусі і Расеі намагаюцца ўжо больш за 20 гадоў. З таго часу, як з’явілася ідэя стварыць Саюзную дзяржавы.

Раней – 31 дарожная мапа, цяпер – 28 саюзных праграмаў. Што хаваецца за зменаю колькасці ды назвы, пакуль не вядома. У Менску цвердзяць, што гаворка – пра дакументы для выканання, а не пра дэкларацыі аб намерах. Называюць нават дакладны тэрмін падпісання: сярэдзіна ці канец восені. Падрабязней – у нашых карэспандэнтаў.

Спачатку стварэнне Саюзнай дзяржавы было прадыктавана актуальнаю палітычнаю сітуацыяй у Беларусі.

«Беларускае грамадства, беларуская наменклатура, беларуская эліта не былі гатовыя да самастойнага існавання. Для іх незалежнасць аказалася нечаканым цяжкім бярэмем, таму жаданне прыхіліцца да шырокай спіны Расеі паўстала адразу ж», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Цяперашняя сустрэча – пятая для Лукашэнкі і Пуціна сёлета. На думку экспертаў, частыя візіты кіраўніка Беларусі ў Расею звязаныя з фактычнай ізаляцыяй ад ЗША і Еўразвязу. Аднак нават загнаны ў кут, Лукашэнка не спяшаецца ісці на саступкі.

«Вось гэтая ідэя выключна ў Крамлі нарадзілася, таму што нават у сучаснай беларускай эліты рэальнага жадання інтэгравацца няма. Яны хочуць захаваць поўную незалежнасць настолькі, наколькі гэта магчыма. Але хочуць глыбокай кааперацыі, каб яна склалася да сучаснага этапу, каб атрымліваць эканамічныя прэферэнцыі», – падкрэслівае палітолаг Андрэй Ягораў.

«Аб’ектыўная карціна жыцця, эканомікі і ўсясветных сувязяў робяць Лукашэнку больш згаворлівым. Ён заўжды намагаўся быць чалавекам, які балансуе паміж Усходам і Захадам. Ласкавае цяля дзвюх матак ссе – вядомы прынцып. З Захадам дачыненні цалкам страчаныя, і цяпер ён намагаецца атрымаць на Усходзе дадатковы допінг для сваёй эканомікі, якая таксама не ў найлепшым стане», – дзеліцца бачаннем з-за расейскае мяжы Сяргей Цыпляеў з Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэту тэхналогіяў кіравання і эканомікі.

Па сутнасці, гаворка вядзецца пра абмен палітычнай лаяльнасці Лукашэнкі на эканамічныя палёгкі. Упершыню гаворка пра дарожныя мапы зайшла ў 2018 годзе. Мяркуецца, што іх асноўныя пункты – збліжэнне макраэканамічнай палітыкі, грашова-крэдытныя пытанні, супольныя аграрная і прамысловыя сферы, мытная дамова. А таксама захаванне фіксаванай цаны на нафту для Беларусі. Аднак што дакладна напісана ў мапах або ў праграмах, дасюль не вядома.

«У нас на стале запакаваны пачак паперы, і незразумела, што там напісана. І мы не ведаем, што гэта. Гэта дамова паміж бакамі? Гэта пагадненне аб намерах? Гэта набор добрых пажаданняў? Віншавальныя паштоўкі? Мы не ведаем», – разводзіць рукамі Ягораў.

«Штораз гэтая ідэя экспансіі, ідэя руху на Усход альбо на Захад прысутнічала ў галовах. І здавалася, што чым больш мы пашыраем наш уплыў, тым нам лепш. Хаця насамрэч найчасцей перагружаліся і развальваліся. Аднак, тым не менш, гэтая ідэя прасоўвання расейскага ўплыву прысутнічае вельмі часта. Нават у вонкавапалітычных дыскусіях і г. д. Мы хочам уплыву. Людцы, уплыў – гэта не мэта, гэта сродак! Чаго вы хочаце дасягнуць? Мэты не абмяркоўваюцца», – канстатуе Цыпляеў.

Што ж да беларусаў, то рэальнае збліжэнне з Расеяй мала каго ўсцешыць. Упэўнены Карбалевіч:

«Вырасла новае пакаленне людзей, для якіх незалежнасць Беларусі – гэта штосьці непарушнае, дадзенае ад нараджэння. І нават пастаноўка пытання пра аб’яднанне з іншай дзяржавай не зразумелая. Тое пакаленне, што памятае Савецкі Саюз, адчувае настальгію, паступова сыходзіць».

«Прыход Расеі ўспрымаецца як прыход у даволі ўпарадкаваную сістэму стаўлення да Беларусі. Гэта ўладныя анархіі, карупцыі, рэйдарства ў бізнесе. То бок прыйдзе вось гэтае вось усё, пра што людзі чытаюць у расейскіх навінах. І разумеюць, што з гэтым можа сутыкнуцца Беларусь», – дадае Ягораў.

Дарэчы, для Пуціна момант для абмеркавання саюзных праграмаў абраны надзвычай удала. Неўзабаве выбары ў Дзяржаўную Думу. Далейшае паглыбленне з суседам – прывабная шыльда для «Единой России».

Дзмітрый Кажурын, Валера Руселік, Белсат