Чым можа абярнуцца рэгуляванне коштаў на харчовыя тавары?


Дзяржава доўгі час стрымлівала рост коштаў на сацыяльна значныя прадукты, але цяпер пачала падвышаць цэны на некаторыя харчовыя тавары.

Цэны на мяса рэзка ўзняліся на некалькі рублёў. Да 23 верасня цэны на мяса і мясапрадукты дазволена павысіць на 4,9 % у параўнанні з цэнамі 28-га лютага, калі яны стаялі на месцы. «Белсат» запытаўся экспертаў пра эфектыўнасць рэгулявання цэн, а таксама самаадчуванне вытворцаў, прадаўцоў і пакупнікоў на спажывецкім рынку.

Br 10,5 рублёў – за кульшу, або мяса з тазасцегнавой часткі тушы, без капейчыны Br 15 рублёў – за паляндвіцу ці шыйную частку свініны. Ёсць пра што падумаць ля яткі, цэны на мяса на якой рэзка змяніліся.

Пенсіянерка Таццяна Зялко па вяртанні cа сталічнага Заходняга рынку падзялілася ўражаннямі:

«Мяса вельмі падаражэла. Калі раней за Br 7 рублёў нешта там можна было знайсці, разруб, можа са шкураю Br 7-8 рублёў, а сёння Br 10-11 рублёў – гэта яшчэ пашукаць».

У сетках «Гіпа» і «Суседзі» троху танней, у адной з прыватных крамаў – мяса таго ж гатунку яшчэ на паўтара рубля вышэйшае ў цане.

На старонцы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю – тлумачэнне:

«З мэтаю кампенсавання росту выдаткаў на сыравіну і матэрыяльныя рэсурсы Камісіяй у пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь узгодненае павышэнне коштаў на мяса і мясапрадукты, занесеныя ў пералік сацыяльна значных тавараў».

Камісія пры Савеце Міністраў дазволіла юрыдычным асобам павысіць кошты на мяса на 4 цэлыя 9 дзясятых адсотка – адносна коштаў за 28-га лютага. Рэч у тым, што тады яны былі нязменнымі – згодна з Пастановай № 100 Савету Міністраў. З сакавіка – змяняліся адно на дзве дзясятыя адсотка за месяц.

Пастаўляльнікі ды гандляры могуць павысіць кошты цягам двух тыдняў, не пазней чым 23-га верасня. І такою рэдкаю нагодаю карыстаюцца.

Леў Марголін, эканаміст:

«Прадпрыемствам не выгадна прадаваць гэтыя тавары ў Беларусі, бо тут і пакупніцкая здольнасць меншая, і рэгулююцца цэны. Калі ёсць нейкая магчымасць, яны намагаюцца прадаць мяса некуды за мяжу. Мы даўно ўжо паведамлялі пра тую кураціну, якая ідзе ў Кітай».

А таксама пра найбліжэйшы рынак збыту – расейскі. Напярэдадні росту коштаў у крамах змяніўся мясной асартымент, прывычных для пакупніка назваў было не сустрэць.

Паводле крыніцаў на мясакамбінатах, сацыяльна значны прадукт прытрымлівалі, каб прадаць па вышэйшай цане, не дзеля звышпрыбытку, а каб не застацца ў мінусе.

Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі дадае, што вытворчасць мяса ў дзяржаўным сектары сама па сабе вельмі дарагая. Калі ў сабекошце малака доля заробку складае да 30 %, то ў сабекошце свініны і ялавічыны – не больш за 10 %.

«Заробак у людзей атрымліваецца меншы. Таму стымул не спрацоўвае ў вытворчасці прадукцыі. Там дзе прыватнік, там заканамерна прыбытковая нарэшце праца. Таму прычына ў тым, што гэтым займаецца дзяржава», – кажа Пётр Мігурскі.

Жорсткае рэгуляванне коштаў на 62 віды сацыяльных тавараў і 50 айчынных лекаў дзее сёмы месяц. Каб не вывозілі харчоў за мяжу, уводзяць забарону на вываз, як, напрыклад, на шэраг збожжавых культураў. У выніку…

«Тыя спажывецкія тавары, цэны на якія рэгулююцца дзяржаваю, будуць паступова знікаць з паліцаў. Што датычыць тых тавараў, кошты на якія не рэгулююцца – яны будуць даражэць», – лічыць Леў Марголін.

Бо калі забаронена ўздымаць кошт на адну частку свіной тушы, кошт на другую частку – вырасце ўдвая. Згубяць, несумненна, і пакупнікі. Асабліва не надта забяспечаныя.

«Рынак гудзіць. Прычым прадаўцы. Яны ж нібыта і пенсіянеры, і працуюць. Дык пачула правым вухам, што некаторыя яшчэ трэцюю падпрацоўку шукаюць, таму што не хапае таго, што ёсць», – распавяла пенсіянерка Таццяна Зялко.

Пенсіянеры скардзяцца, што да пенсіяў ім напярэдадні дадалі Br 20 рублёў, але ў выглядзе інфляцыі за апошні год – забралі па Br 50.

Юлія Цяльпук, «Белсат»