Два гады пасля выбараў: «Сістэма не зможа існаваць без Лукашэнкі»


Мінула два гады прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія ўпершыню паказалі надзвычай нізкі рэйтынг Лукашэнкі і высокі попыт на перамены. Але ў выніку – пры ўладзе застаўся той жа наменклатурна-сілавы клан. Якую сістэму стварыў рэжым дзеля самаабароны і дзе ўсё ж такі дно, ад якога можна будзе адштурхнуцца?

Восемдзесят адсоткаў экстрэмістаў, якія знаходзяцца ў Беларусі ў вышуку, выехалі за мяжу – рапартавала сёння спецпадраздзяленне ГУБАЗіК. Тое самае, якое гэтыя так званыя экстрэмісты і іншыя рэпрэсаваныя лічаць тэрарыстычнаю арганізацыяй.

Як ніколі вялікаю за мінулыя два гады зрабілася беларуская дыяспара ў краінах, якія прымаюць палітычных уцекачоў. Сярод тых, хто «эвакуяваўся» у Літву, – жыхар Маладзечна Віталь Алейнік. Не змірыўся з афіцыйнымі вынікамі выбараў. Трапіў у Жодзінскі СІЗА. Там – прыніжалі, пагражалі, збівалі. Віталь распавядае пра тое, што адбывалася падчас і пасля галасавання два гады таму:

«Людзі бачылі на свае вочы фальсіфікацыі, бачылі на свае вочы збіванне сваіх суайчыннікаў. Людзі бачылі, як забівалі нашых грамадзян і, канешне, пагадзіцца з гэтым не магчыма было. Тое, што працягваецца зараз, людзі таксама ўжо ніколі не забудуць»? – упэўнены палітэмігрант Віталь Алейнік.

Віталя асудзілі на 15 содняў – такія прысуды азлобленыя на пратэстоўцаў улады давалі ў першыя пратэставыя месяцы. Пасля – пайшлі крымінальныя справы і сінхронна – адаптацыя Крымінальнага кодэксу да новых палітычных задачаў рэжыму: прыгнечанне грамадзянскіх правоў, зачыстка грамадскіх арганізацыяў, знішчэнне незалежных медыяў, кантроль над інфармацыяй у сацсетках.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», сёння ў Беларусі 1262 палітычныя зняволеныя. Праваабаронцы Dissidentby уключылі ў спіс 1566 чалавек. Траціна з іх – на «хатняй хіміі», астатнія ж пазбаўленыя волі.

Мянчук Ілля Данілаў у першыя пратэставыя дні ездзіў па Менску на матацыкле, нягледзячы на абяцанне рэжыму – адстрэльваць матацыклістаў.

«Рабіў нейкія сродкі для сваёй бяспекі. Забяспечваць.Таму, у прынцыпе мяне ўзялі толькі тады, калі я не мог прайсці міма двух дзяўчынак тоненькіх, якія стаялі ў счэпцы. Я далучыўся да іх»? – узгадаў Ілля Данілаў.

Сёння Ілля ў бяспецы, як тысячы грамадзянаў, якія эмігравалі за апошнія два гады. Частку з іх, аднак, асудзяць без іхнага ўдзелу. Лукашэнкаўскія дэпутаты 12-га траўня ўвялі завочныя суды ў Крымінальны кодэкс – супраць асобаў, якія нібыта ўчынілі злачынствы «супраць дзяржавы або пагражаюць нацыянальнай бяспецы».

Акрамя таго, ужо асуджаным апазіцыянерам падаўжаюць тэрміны, прыцягваючы іх паўторна паводле больш жорсткіх артыкулаў – такіх, як «распальванне нацыянальнай варожасці» або «здрада дзяржаве».

«Стаўка зробленая на сілу. Рэжым лічыць, што канкрэтныя рэпрэсіўная захады, канкрэтныя меры па кантролю над беларускім грамадствам дазволяць трымаць сітуацыю пад кантролем», – кажа дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Праслухоўваюць званкі, залазяць у асабістую перапіску, звальняюць або судзяць не толькі нелаяльных грамадзянскіх, але і чальцоў сістэмы, якія далі слабіну пасля выбараў ці не паказалі дастатковай лаяльнасці.

Лукашэнка змяніў Канстытуцыю, каб пераканаць набліжаных, што нават у выпадку ягонай смерці яны змогуць утрымаць уладу.

«Кіраванне палітычнай сістэмаю перайшло ў ручны рэжым. Аўтаномія дзяржаўных і недзяржаўных структур толькі зменшылася. Персанальны кантроль з боку Аляксандра Лукашэнкі толькі ўзмацніўся. Відавочна, што без яго гэтая сістэма існаваць не зможа», – лічыць Андрэй Казакевіч.

Ідэнтыфікаваць кожнага нелаяльнага грамадзяніна сістэма не зможа. А сярод тых, хто моўчкі чакае наступнага моманту для змагання за дэмакратычныя перамены, – многія дворнікі, прадпрымальнікі, айцішнікі, медыкі, настаўнікі… міліцыянты і нават чыноўнікі.

Юлія Цяльпук «Белсат»