«Большой разговор»: Лукашэнка распавёў, калі сыдзе


З нагоды гадавіны выбарчых падзеяў да грамадскасці прамовіла і Святлана Ціханоўская, і Аляксандр Лукашэнка. Ціханоўская, якую на загад Лукашэнкі год таму вывезлі з радзімы, са зваротам выступіла ў Вільні. Яна звярнулася да беларусаў па-беларуску.

«Роўна год таму ў Беларусі ўпершыню за многія гады на розных выбарчых участках пачалі вывешваць сапраўдныя пратаколы. З дапамогай альтэрнатыўнага падліку ў «Голасе» народ змог даказаць: ужо ў першым туры 56 адсоткаў выбарнікаў прагаласавалі за перамены… Адзіны, хто гэтага не разумее, – чалавек, які прайграў выбары. Прайшоў год. Кошт таго, як ён гвалтам утрымлівае ўладу, – велізарны».

Святлана Ціханоўская назвала лічбы, за кожнай з якой стаяць лёсы людзей: за паслявыбарчы год 36 тысяч беларусаў прайшлі праз затрыманні, тысячы надалей увязненыя без віны, 606 чалавек ужо прызнаныя палітвязнямі, больш за 10 чалавек загінулі.

«Прайшоў год. Рэжым прайшоў шлях ад нелегітымнага да тэрарыстычнага. Але нягледзячы на гэта, народ супрацьстаіць яму кожны дзень», – адзначыла Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская распавяла пра дзейныя грамадскія ініцыятывы, фонды салідарнасці, а таксама пра спосабы магчымага выйсця з палітычнага і эканамічнага крызісу, пра распрацаваныя праекты правядзення новых законных прэзідэнцкіх выбараў і падрыхтоўку праекту Канстытуцыі, пра створаныя «Рабочы рух» і план «Перамога». А таксама пра абвяшчэнне найбліжэйшым часам скаардынаваных санкцыяў ад ЗША, Брытаніі і Канады супраць рэжыму Лукашэнкі. Разам з тым больш за 30 краінаў свету выказалі падтрыманне дэмакратычным сілам Беларусі і гатовасць пашыраць фінансавую дапамогу грамадзянскай супольнасці.

«Колькі б часу і сіл не запатрабаваў наш шлях да свабоды, я прайду яго разам з беларусамі. Дзякуй вялікі! Жыве Беларусь!», – гэтак скончыла прамову Святлана Ціханоўская.

У гэты ж час так званы «Большой разговор» арганізаваў і Лукашэнка, запрасіўшы ў свой палац чыноўнікаў, сілавікоў, прапагандыстаў і журналістаў.

«Кіруюць у гэтым свеце адкрытая хлусня, хайп, хейт, тролінг, буллінг і іншыя камунікатыўныя навацыі».

Пра паслявыбарчыя пратэсты ён заявіў, што іх аснова – гэта «звар’яцелыя людзі ва ўсім свеце», а ў самой Беларусі ўдзел у пратэстах прынялі каля… сарака шасці тысяч чалавек. Бурную рэакцыю ў Лукашэнкі выклікала інфармацыя, што сёння да санкцыйнай палітыкі Еўразвязу далучылася і Вялікая Брытанія:

«Ды задушыцеся вы гэтымі санкцыямі ў Вялікай Брытаніі! Мы тысячу гадоў не ведалі гэтай Вялікай Брытаніі, і ведаць не хочам! Вы прыхвастні амерыканскія! Слухайце, вы ж развязваеце трэцюю сусветную вайну. Вы што, да гэтага штурхаеце нас з расейцамі?»

Задалі Лукашэнку і пытанне пра тое, калі ж ён сыдзе.

«Не трэба гадаць, калі сыдзе Лукашэнка і гэтак далей. Вельмі хутка! Але…»

Быў доўгі-доўгі расповед… без канкрэтнага адказу.

«Белсат»