Прэтэнзія на мільярд долараў


Як той казаў, дэмакратычныя краіны міжсобку не ваююць. А вось аўтакратыі і дыктатуры літаральна патанаюць у самых розных канфліктах – ад ваенных да эканамічных. Рэжымы Лукашэнкі і Бердымухамедава ад гарачых пацалункаў перайшлі да не менш гарачых спрэчак вакол калійнага камбінату ў Гарлыку. Справа хіліцца да міжнароднага суда. Падрабязней – Валера Руселік.

Парушылі тэрміны будаўніцтва, прадпрыемства гэтак і не выйшла на праектную магутнасць. Канфлікт вакол Гарлыкскага калійнага камбінату паміж Туркменістанам і Беларуссю цягнецца ўжо чатыры гады і ўсё бліжэйшы калі не да развязання, то прынамсі да арбітражнага суда Гандлёвай палаты Стакгольму. Пазоў, выстаўлены туркменскім канцэрнам «Туркменхімія» генеральнаму падрадніку, кампаніі «Белгархімпрам», складае 911 мільёнаў долараў ЗША. Наколькі гэта сур‘ёзная сума для бюджэту нашае краіны?

«Яна і раней была і сур‘ёзная, і непад‘ёмная: столькі бюджэт Беларусі выдзяляў на абарону – мільярд долараў – у 2020 годзе. Асабліва ў сённяшняй сітуацыі, калі набылі моц санкцыі, гэта абсалютна нерэальна, каб Беларусь гэта выплаціла», – кажа кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

У сваю чаргу «Белгархімпрам» выставіў сустрэчны пазоў – дарэчы, удвая ніжэйшы: «усяго» 418 мільёнаў долараў. Зрэшты, дагэтуль апетыты беларускай кампаніі былі яшчэ сціплейшыя: раней называлася сума 150 мільёнаў долараў, што, як цвердзілі беларусы, яны недаатрымалі ад туркменаў за сваю працу.

Што праўда, чый бок зойме суд, незразумела. Разбор меўся прайсці яшчэ ў лютым, аднак інфармацыя пра ўхвалены вырак на афіцыйным сайце арбітражу ўсцяж адсутнічае.

«Калі цяпер гэта дойдзе да арбітражнага суда ў Стакгольме, мы ўсе гэтаму зможам вельмі парадавацца. Бо ёсць магчымасць, што вылезуць на паверхню некаторыя цікавыя дэталі паміж двума рэжымамі», – кажа Івашкевіч.

Яшчэ ў 2018 годзе «Белсат» распавядаў пра карупцыйныя схемы вакол Гарлыкскага камбінату, на якім грэлі рукі абодва бакі. Да прыкладу, набыццё «Белгархімпрамам» будаўнічых матэрыялаў утрая даражэй за іх рынкавы кошт. З’яўлялася інфармацыя і пра махінацыі ў афшорах.

Як жа ж гэта сталася магчымым пры гэткіх гарачых пацалунках Лукашэнкі і Бердымухамедава і гучных заявах пра гістарычнасць і грандыёзнасць дамоўленасцяў?

А ўсё вельмі проста, тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч. Усё супрацоўніцтва паміж недэмакратычнымі лідарамі заўжды будуецца, як той казаў, па паняццях – без уліку эканамічных разлікаў і юрыдычных працэдураў.

«Спачатку пачынаюцца палітычныя дамоўленасці паміж лідарамі. А гэтыя дамоўленасці, як правіла, не грунтуюцца на нейкіх эканамічных разліках. Яны грунтуюцца на нейкіх зусім іншых чынніках – вось, магчыма, на гэтай так званай салідарнасці дыктатараў і г. д. А потым чыноўнікам, міністэрствам нейкім даюць заданне: маўляў, ну а цяпер давайце выконвайце гэтыя дамоўленасці! І калі пачынаюць выконваць, то вельмі часта атрымліваецца, што гэтыя праекты часта ўвогуле невыгодныя», – кажа Карбалевіч.

Дзеля судовага разгляду ў Стакгольме Туркменістан наняў юрыдычную кампанію «Squire Patton Boggs» за 9 мільёнаў долараў. Дзеля параўнання, за ўвесь 2021 год у Беларусь завезлі туркменскіх тавараў усяго крыху больш як на сем мільёнаў долараў. А таму калі гаворка пра амаль мільярдны пазоў, то гэткім партнёрствам і ахвяраваць не шкада.

Валера Руселік, Белсат