Кантролю ўсё больш, а дабрабыту?


Доўгачаканая свабода – прынамсі для валюты і прынамсі на паперы, а таксама з дапамогаю кантролю і рэгулявання. Сёння набыла моц новая рэдакцыя Закону аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі. Ці дапаможа гэтая лібералізацыя беларускай эканоміцы і канкрэтна нам з вамі?

У Нацыянальным банку запэўніваюць: абноўлены Закон аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі накіраваны не на павелічэнне кантролю, а наадварот, на лібералізацыю валютных адносінаў і спрашчэнне вядзення валютных аперацыяў – як для арганізацыяў, гэтак і для звычайных грамадзянаў. Незалежныя фінансісты згодныя: гаворка ў законе зусім не пра адміністратыўнае вызначэнне курсаў валют.

«Закон аб валютным рэгуляванні гаворыць пра тое, на якія мэты можна накіроўваць валюту за мяжу. І насамрэч у цяперашнім выглядзе ён максімальна лібералізуе гэтыя правілы, – тлумачыць старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб. – То бок цяпер, паводле закону, які наноў набыў моц, можна за мяжою набываць каштоўныя паперы і нерухомасць, можна рабіць уклады за мяжою – і для гэтага ўжо не патрабуецца адмысловы дазвол, трэба адно па факце паведаміць пра гэта ў Нацыянальны банк».

Зрэшты, як часта бывае ў нашай краіне, заўсёды ёсць свае «але». Паводле аналітыка даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандра Мухі, абноўлены закон – усяго толькі фармальнасць. Улады Беларусі, якім бывае не да законаў, і ў часе ранейшых эканамічных крызісаў прымалі рашэнні, не азіраючыся, ёсць адпаведная прававая норма ці не. А таму куды важней, паводле аналітыка, звяртаць увагу не на паперкі, а на сённяшнія беларускія рэаліі: сектаральныя санкцыі Еўразвязу і ЗША, больш за 16 мільярдаў долараў выплат па вонкавых пазыках цягам года, фактычна закрыты для нас рынак еўрабондаў. Ну і, вядома ж, глыбокі палітычны крызіс, ва ўмовах якога ніякая эканоміка нармальна працаваць не ў стане.

«У выпадку далейшай эскалацыі палітычнага крызісу ў Беларусі, у тым ліку працяг рэпрэсіяў супраць незалежных СМІ і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, відавочна, будуць расці фінансавыя і эканамічныя рызыкі ў Беларусі, у тым ліку і рызыкі ўвядзення валютных абмежаванняў у нашай краіне», – адзначае Аляксандр Муха.

То бок калі надта моцна прыцісне, то валютную свабоду можна адмяніць. А ў тым, што прыцісне, абодва нашыя суразмоўцы не сумняюцца. Зрэшты, супакойвае Вадзім Іосуб, хаця б з тымі ж заходнімі санкцыямі не ўсё так дрэнна. Дакладней, дрэнна, але не ўвадначассе: дэ-факта яны пачнуць працаваць паступова, пасля завяршэння дзейных кантрактаў з беларускімі прадпрыемствамі.

«Гаворка не вядзецца пра тое, што калі-небудзь мы прачнёмся і пабачым скачок у разы ці дзясяткі адсоткаў. Усё гэта будзе ісці дастаткова паступова. То бок рыхтавацца да нейкага Дня Х не трэба: гэткага Дня Х не будзе. Але пры гэтым, напэўна, мэтазгодна захоўваць свае ашчаджэнні ў замежнай валюце: рызыкаў будзе менш», – раіць Вадзім Іосуб.

То бок час будзе, каб прызвычаіцца да горшага жыцця. Ну альбо каб прыбраць прычыну нашых бедаў. А вось з апошнім марудзіць не варта: гэта занадта дарагая для Беларусі раскоша – заўважае Аляксандр Муха:

«Эканамічныя страты Беларусі, звязаныя з неўрэгуляванасцю палітычнага крызісу ў краіне, у гадавым вымярэнні перавышаюць, паводле нашых ацэнак, 3 млрд долараў. Пры гэтым сума стратаў будзе з цягам часу павялічвацца – у выпадку, калі палітычны крызіс не будзе ўрэгуляваны».

І яшчэ адна лічба. Вось ужо 19 месяцаў запар беларусы выступаюць чыстымі пакупнікамі валюты. Тлумачэнняў гэткаму валютнаму марафону можа быць прынамсі два: альбо заробкі ў нас большыя за нашую прадукцыйнасць – і таму застаюцца лішкі, якія можна перавесці ў долары і еўры; альбо, наадварот, эканамічнаму аптымізму ўладаў мы давяраем занадта слаба і перасцерагаемся ад занадта высокай інфляцыі, якая ў чэрвені ўжо сягнула амаль 10-ці адсоткаў да аналагічных леташніх паказнікаў. Вам якое тлумачэнне бліжэйшае?

Валера Руселік, «Белсат»