Насуперак хадайніцтву і публічным заклікам суд над Уладімірам Мацкевічам зрабілі закрытым


У Менскім абласным судзе пачаўся працэс над вядомым філосафам і метадолагам, вядоўцам «Белсату» Уладзімірам Мацкевічам. Яго абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў: у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і абразе Лукашэнкі. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Уладзіміра палітычным зняволеным.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праваабаронца Павел Сапелка кажа, што судовае пасяджэнне прызначана не так аператыўна, але і ў той жа час досыць хутка ў параўнанні з іншымі абвінавачанымі. Некаторыя людзі чакаюць канчатковых абвінавачванняў год і больш.

Уладзімір Мацкевіч за кратамі з мінулага жніўня. Каб прыспешыць завяршэнне следчых дзеянняў і прызначэнне даты суда, ён амаль два тыдні трымаў галадоўку. Цяпер, паводле адваката, здароўе Уладзіміра Мацкевіча ў парадку. А што з маральным станам?

«Турма як практычная філасофія», прынамсі так ідэнтыфікуе Святлана Мацкевіч, былая жонка Уладзіміра, ягонае стаўленне да зняволення. Маўляў, і рашэннем вярнуцца ў Беларусь з Грузіі, нягледзячы на імавернасць затрымання, і пазнейшым галадаваннем у турме ён хацеў паказаць, што асобны чалавек, аказваецца, можа ва ўмовах несвабоды заставацца свабодным, дзейнічаць, нават дыктаваць умовы.

Святлана кажа, да дрэннага нельга прызвычайвацца і таму пазіцыя філосафа ў тым ліку пастаянна варушыць нашую грамадзянскую супольнасць і кожнага персанальна. І Уладзімір гэта робіць, як бы гэтаму не перашкаджалі цёмныя сілы або афіцыйныя крыніцы з таго боку.

Уладзімір Мацкевіч мае вялікі публіцыстычны і метадалагічны даробак. Ужо шмат гадоў ён, як сам кажа: «думае Беларусь». Яшчэ ў 2006 годзе Уладзімір вызначыў трыяду працэсаў, праз якія павінна прайсці нашая краіна. Гэта дэкамунізацыя, беларусізацыя і еўрапеізацыя. Паводле палітолага Андрэя Ягорава, рэжым Лукашэнкі, сутыкнуўшыся ў 2020 годзе з маштабам зменаў у грамадскай свядомасці, спрабуе цяпер фактычна павярнуць час назад. Тут і самыя жорсткія рэпрэсіі, і актывізацыя састарэлага ідэалагічнага складніка. Палітолаг кажа:

«Уся гэтая прапаганда 17 гадоў уплывала, але недастаткова каб пераканаць гэтых маладых людзей не прымаць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці. Тое сама адбудзецца і зараз, бо тое, што робіцца, – бязглузда, неталенавіта і проста цынічна. І проста не прымаецца. Дзеці будуць спяваць гэтыя гімны, трымаючы фігу ў кармане. І гэтаму іх навучаць іхныя бацькі».

Што да перспектываў справы Уладзіміра Мацкевіча, то праваабаронца сцвярджае, што сваякі ўзялі вельмі правільны курс на яе максімальнае асвятленне сярод беларускай і міжнароднай грамадскасці. І раіць сваякам іншых палітвязняў рабіць тое ж самае. Паводле Паўла Сапелкі:

«Калі не прыходзяць лісты на волю, калі зняволеныя аказваюцца ў ізаляцыі і інфармацыйным вакууме, то для ўсіх жыццёва важна, каб інфармацыя пра іх гучала з усіх магчымых крыніц».

Сваякам і сябрам Уладзіміра, якія прыйшлі на паседжанне, не дазволілі ўвайсці і яго пабачыць. Весці ж працэс даручылі Сяргею Епіхаву – суддзю, што вынес прысуды Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку.

Уладзісаў Корсак, «Белсат»