Нелегалы на экспарт


Ні дня без затрымання нелегальных мігрантаў. На беларуска-літоўскай мяжы склалася цяжкая сітуацыя. Памежныя службы краіны-суседкі не спраўляюцца, і літоўскія ўлады разглядаюць магчымасць выкарыстання ўзброеных сілаў. За мінулыя содні літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ шэсць нелегальных мігрантаў.

Больш за 80 асобаў затрыманыя. За першыя пяць месяцаў 2021 года ўехаць у Літву спрабавала больш нелегальных мігрантаў, чымся за тры папярэднія гады разам узятыя. Літоўскія памежнікі заяўляюць, што іхныя «беларускія калегі» адмаўляюцца супрацоўнічаць.

Падобная сітуацыя фіксуецца і на беларуска-польскай мяжы: на дзень шостага чэрвеня перадухілілі амаль сто спробаў незаконнага мінання мяжы – у чатыры разы болей, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

«Па ўсіх знаках бачна, што гэта мэтанакіраваная палітычная акцыя, калі Беларусь адмежавалася ад развязАння ўсіх пытанняў, каб нешта дрэннае зрабіць суседзям ды іншым краінам Еўропы. Але рэпутацыю – хутка згубіць, а аднаўляць – вельмі цяжка», – кажа дэпутат літоўскага Сейму Томас Тамілінас.

26-га траўня, выступаючы перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, Лукашэнка заявіў, што заходнім краінам цяпер самім прыйдзецца пераадольваць праблемы з наркатрафікам і мігрантамі.

«Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў – зараз будзеце самі іх есць і лавіць», – заявіў тады Лукашэнка.

Падобныя заявы Лукашэнкі не засталІся без увагі літоўскага боку.

«За ўсходнімі межамі Літвы існуе нестабільная прастора, дзе не паважаюцца неад’емныя правы чалавека і правілы вольнага свету, дзе дыктатары, якія глядзяць баевікі, выступаюць у ролі тэрарыстаў і зганяюць пасажырскія самалёты. Дзе памежная і ядравая бяспека робіцца інструментам шантажу», – заявіў літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа.

Адмыслоўцы зазначаюць, што пытанне супрацьдзеяння нелегальнай міграцыі сталася апошнім часам моцным інструментам палітычнага ціску.

«Гэтыя механізмы ўжо ўжываліся падчас палітычных супрацьстаянняў. Я хачу нагадаць сірыйскі крызіс і мігрантаў, якія ішлі праз тэрыторыю Турцыі. І асобна пазіцыю Венгрыі ды Румыніі, якія стараліся як мага хутчэй прапусціць іх праз сваю тэрыторыю альбо не пускаць зусім. Нават быўшы ў складзе Еўразвязу», – распавядае аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч.

Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі, што Беларусь абараняе краіны Еўразвязу ад наплыву нелегальных мігрантаў, але можа аслабіць свае старанні ў адказ на санкцыі.

Алесь Баразенка, Белсат