Польскія перавознікі блакуюць рух цяжкавікоў у бок Беларусі


Польскія перавознікі пачалі блакаванне руху побач з памежным пераходам «Кукурыкі – Казловічы». Такім чынам яны змагаюцца за сумленныя, на іхную думку, умовы на рынку транспартавання грузаў. Сярод іншага, пратэстоўцы патрабуюць забараніць заезд у Польшчу фураў з беларускай і расейскаю рэгістрацыяй.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

А трынаццатай гадзіне польскія перавознікі распачалі пратэст ля мытнага тэрміналу «Карошчын», што месціцца побач з пунктам пропуску «Кукурыкі – Казловічы». Пратэстоўцы блакуюць рух цяжкавікоў у бок Беларусі, у бок Польшчы можна праехаць без затрымання.

«Будзем блакаваць граніцу і пускаць толькі адное аўта за гадзіну, без розніцы, з якой краіны гэтае аўта. Праз мяжу можа праехаць кожнае аўта, што стаіць у чарзе. Мы не выбіраем, польскія гэта машыны – ці беларускія», – пракаментаваў перавознік з-пад Лукава, адзін з арганізатараў пратэсту Каміль Амброзяк.

Польскія перавознікі патрабуюць забараніць заезд у Польшчу паўпрычэпаў з беларускаю і расейскаю рэгістрацыяй, а таксама прыпыніць дзейнасць беларускіх і расейскіх лагістычных кампаніяў, заснаваных у Польшчы, і аднавіць ранейшыя абмежаванні для ўкраінскіх перавознікаў, што дзеялі да лютага 2022 года.

«Мэта пратэсту – гутарка з міністрам транспарту Польшчы. Мы хочам абмеркаваць умовы таго, як далей будзе працаваць грузавы транспарт у Польшчы. Нашыя польскія перавознікі таксама незадаволеныя, што мы тут стаім і блакуем. Таму або мы дамовімся і без праблемаў будзем ездзіць далей, або будзем блакаваць рух. Я не хачу, каб нехта меў прэтэнзіі да пратэстоўцаў, усе прэтэнзіі мусяць быць да нашага ўраду, што не рупіцца пра грузавыя перавозкі», – тлумачыць перавознік з-пад Лукава Каміль Амброзяк.

Памежны пераход «Кукурыкі – Казловічы» на сённяшні дзень – адзіны паміж Беларуссю і Польшчай, дзе яшчэ адкрыты рух для цяжкавікоў. Астатнія былі закрытыя праз санкцыі і канфлікты паміж краінамі-суседкамі.

Перавознікі маюць дазвол на правядзенне пікетаў да дваццаць сёмага траўня.

Гэткая ж акцыя пачалася чацвёртага траўня паблізу пункту пропуску «Дарогуск» пры мяжы з Украінаю.

Аліна Скрабунова, «Белсат»