Без Расеі і Беларусі: У Ліверпулі распачынаецца «Еўрабачанне-2023»


А ў брытанскім Ліверпулі сёння – «Еўрабачанне». Першы паўфінал конкурсу пачнецца а дваццаць другой гадзіне менскага часу, але тэлегледачы з Беларусі, як і з Расеі, трансляцыі сёлета зноў не пабачаць. Гэтак жа чарговым разам не паўдзельнічаюць у шоу выступоўцы з Расеі і Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Удзельнікі з трыццаці сямі краінаў сабраліся ў Ліверпулі на шэсцьдзесят сёмым конкурсе песні «Еўрабачанне», але зноў – без Беларусі. У 2021 годзе Еўрапейскі трансляцыйны звяз прыпыніў чалецтва «Белтэлерадыёкампаніі». Прычына – рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў. Аднак паглядзець «Еўрабачанне» можна на афіцыйным ютюб-канале конкурсу. Паводле букмекераў, сёлетняя фаварытка – Швецыя, якую прадставіць спявачка Loreen, што ўжо перамагала на «Еўрабачанні» ў 2012 годзе.

«Яшчэ адна заява на сёлетняе “Еўрабачанне”, якая прыцягнула вельмі шмат увагі з усіх медыя, – гэта заяўка Харватыі, ад якой едзе гурт “Лет Тры” з песняй з назвай «Мама Шч». «Мама Шч» – гэта не пра Шчучыншчыну, высвятляецца. Усе кажуць: і сам гурт, і ўсе гледачы, і фанаты кажуць, што гэта песня пра тое, як Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка дарыць Уладзіміру Пуціну трактар», – лічыць аўтар ютюб-падкасту «Вэлкам, Юроп» Яўген Ігнацьеў.

Сёлета не абышлося і без традыцыйнага для конкурсу палітычнага скандалу. Чэхія выступіць з песняю, у якой апавядаецца пра «славянскае каралеўства», дзе калісьці «панавалі каханне і братэрства», але цяпер «надышоў цень і ўсё было забытае». Як патлумачылі ўдзельніцы гурта, яны пастанавілі запісаць гэткую песню і паўдзельнічаць у «Еўрабачанні», калі даведаліся, што конкурс не будзе праводзіцца ва Украіне.

«Па-першае, нам трэба звярнуць увагу на тое, што гэты конкурс, нягледзячы на тое, што ён праводзіцца ў Ліверпулі, ён праводзіцца ў Вялікай Брытаніі ад імя Украіны. І гэта трэба памятаць. Арганізатары таксама пра гэта памятаюць. Таму акрамя конкурсных выступаў вельмі раю глядзець і ўсе інтэрабалакты: гэта паштоўкі, якія перад выступам. Там будзе багата, як пра гісторыю Еўрабачання, так і пра Украіну», – параіў Яўген Ігнацьеў.

Беларусь ізноў не выступіць на сцэне «Еўрабачання». У сакавіку 2021 года краіна была дыскваліфікаваная, бо песня праўладнага гурта «Галасы ЗМеста» «Я научу тебя» мела палітычны падтэкст. Тады этна-электронны гурт «Шума» запісаў песню «Дрэва» – эмігранцкі варыянт выступу для «Еўрабачання», але на конкурсе гурт не выступаў. У 2022-м і 2023-м беларускія актывісты звярталіся з прапановаю да прадзюсараў «Еўрабачання», каб вольным артыстам далі выступіць прынамсі па-за конкурсам, але такога пакуль не здарылася.

«Я не ўпэўненая, ці гэта нам патрэбна, ці сапраўды зараз Еўрабачанне – гэта тое, за што мы як незалежныя свабодныя беларусы павінны змагацца. Мне падаецца, што галоўнае зараз – гэта падтрыманне незалежных творцаў», – упэўненая прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык.

З Беларуссю ці не, Еўрабачанне пройдзе, як і планавалася. Да дзесяці фіналістаў, якіх абяруць сёння, у чацвер далучацца яшчэ дзесяць. Украіна аўтаматычна пройдзе ў фінал «Еўрабачання» разам з «вялікаю пяцёркаю». Фінал – у суботу трынаццатага траўня. Беларусы змогуць далучыцца да галасавання праз спецыяльную анлайн-платформу.

Святлана Кубрак, «Белсат»