Пуцін: «У гэтыя дні вы змагаецеся за нашых людзей на Данбасе». У Маскве адбыўся парад вайны 9 траўня


Ад яго кровапраліццяў чакалі – а ён баявыя паразы апраўдаў. Падчас параду на Краснай плошчы ў гонар 9 траўня Уладзімір Пуцін не абвясціў усеагульнай мабілізацыі і не зляцеў на «самалёце Суднага дня», пакідаючы за сабой ядравы попел. Дый сам парад прайшоў даволі сціпла.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Парад 9 траўня ў Маскве быў амаль такі самы, як і гадамі раней. Марш вайскоўцаў, курсантаў, чальцоў дзяржаўнай арганізацыі «Юнармія», што рыхтуе да вайны падлеткаў і дзяцей. Марш казацкіх войскаў – кубанскіх і церскіх казакоў, якія не падпарадкоўваюцца Міністэрству абароны, але ваююць за Расею супраць украінцаў. І тульскія дэсантнікі, новыя расейскія ваенныя героі.

«На Краснай плошчы – парадны разлік спецыяльнай ваеннай аперацыі абароны Данецкай і Луганскай народных рэспублік… За смеласць і мужнасць усе вайскоўцы ўзнагароджаныя баявымі ордэнамі і медалямі», – урачыста прамаўляў крамлёўскі дыктар.

Святкаванне 77-й гадавіны сканчэння вайны ў Еўропе было толькі нагодай да ўхвалення новай барацьбы супраць «нацыстаў і нацыяналістаў» – так Уладзімір Пуцін увесь час называў украінскую дзяржаву.

«У гэтыя дні вы змагаецеся за нашых людзей на Данбасе. За бяспеку нашай радзімы – Расеі», – звяртаўся Пуцін да сваіх вайскоўцаў.

У сваёй прамове Пуцін падкрэсліў, што гэта Захад справакаваў Расею атакаваць Украіну.

«У адкрытую ішло рыхтаванне да чарговай карнай аперацыі на Данбасе, да ўварвання на нашыя гістарычныя землі, у тым ліку Крым… Усё гаварыла, што сутыкненне з неанацыстамі, бандэраўцамі, на якіх ЗША і іх малодшыя кампаньёны зрабілі стаўку, будзе непазбежным… Расея дала апераджальны адлуп агрэсіі. Гэта было вымушанае, своечасовае і адзінае правільнае рашэнне», – казаў Пуцін.

Ахвяраў вайны Расеі супраць Украіны – дакладней, ахвяраў украінскіх войскаў – Пуцін прыраўняў да тых, хто загінуў ад гітлераўскіх войскаў.

Нічога новага на Краснай плошчы не паказалі. 131 адзінка тэхнікі (у тым ліку БМП «Курганец» і танк «Армата», якіх няма ў войсках, а ёсць толькі на парадах) – усё гэта ўжо было раней. Авіяцыйную частку параду зусім скасавалі, маўляў, надвор’е было кепскае.

«Узнікла падазрэнне, што хтосьці з лётчыкаў, якія мусяць пралятаць над Краснай плошчай, можа зрабіць піке на трыбуну», – распавядае пра магчымыя прычыны Юрый Фёдараў, незалежны эксперт у ваенных праблемах і вайсковай палітыцы Расеі.

Для параўнання – год таму былі такія ж аблокі, і самалёты парадна ляцелі над Масквой.

«Другое тлумачэнне, трохі жартаўлівае, – зламаўся ці аказаўся недастаткова падрыхтаваным той самы «самалёт Суднага дня», які меркавалася паказаць на парадзе», – распавядае эксперт.

Сапраўды, Іл-80, прызначаны для эвакуацыі штабу падчас ядравай вайны, быў шырока анансаваны ў дзяржаўных СМІ і прымаў удзел у трэнаванні параду.

Не было і начальніка Генштабу генерала Валерыя Герасімава, які адказвае за вайну супраць Украіны.

«Ходзяць чуткі, што або генерал Герасімаў цяжка паранены падчас артылерыйскага абстрэлу штабу 2-й арміі пад Ізюмам, дзе ён быў ці мог быць. Або ў яго сурʼёзныя карʼерныя праблемы», – тлумачыць Фёдараў.

У Маскве не было ніводнага замежнага госця – хаця летась з Пуціным на парад глядзеў прэзідэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон. Нават Лукашэнка меў свой Дзень Перамогі, з чырвона-зялёнымі стужкамі і сяброўкамі БРСМ.

«Ён жа шмат гадоў забараняў увогуле хадзіць праспектам да манументу Перамогі, бо ён сам не мог хадзіць – фізічна ці баяўся хадзіць. І заўтра ён жа не пойдзе, вы пабачыце. Ён з Кастрычніцкай плошчы да Перамогі прыедзе машынай. Яго збоку падвязуць. Ён жа баіцца, баіцца з людзьмі прайсці, паразмаўляць з народам», – прадказваў сённяшнія падзеі ў эфіры «Белсату» 8 траўня палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Прыехаўшы на сталічную плошчу Перамогі, Лукашэнка больш размаўляў пра шкодніцкі Захад, які супрацьстаіць яму і Пуціну, чым пра Другую сусветную вайну.

«Мы – мірныя людзі, але нават не спрабуйце размаўляць з намі з пазіцыі сілы. Вашыя мары загнаць славянаў у новае нявольніцтва, якое вы называеце глабалізмам, марныя. Беларусь па-ранейшаму стаіць, як непарушная Берасцейская крэпасць», – прамаўляў Лукашэнка з трыбуны.

У размове з прэсай Лукашэнка стаў пагражаць палякам, бо тыя нібыта хочуць напасці на Беларусь. Але галоўны месідж Лукашэнкі быў да народаў Захаду: пакіньце нас з Пуціным у спакоі, спыніцеся.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».