Лукашэнка заявіў, што ў вайне ва Украіне «беларусы – не агрэсары»


Свой святочны спіч ля манументу Перамогі з нагоды дзявятага траўня Аляксандр Лукашэнка адрасаваў заходняй публіцы. «Як прадстаўнік народу-пераможцы – народам краінаў Захаду» – гэта была цытата, ён заявіў, што ў вайне ва Украіне – «беларусы – не агрэсары»– яшчэ адная цытата. Беларусы, можа быць, сапраўды не агрэсары, але наконт рэжыму Лукашэнкі Захад мае іншыя планы. Краіны «Вялікай сямёркі» і ў прыватнасці ЗША гатовыя прыкласці намаганні, каб рэжым панёс адказнасць за падзеі ва Украіне гэтаксама, як і Расея.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Хачу, каб усе мяне яшчэ раз на Захадзе пачулі: беларусы не агрэсары, але застаючыся саюзнікам і стратэгічным партнёрам брацкай Расеі мы будзем яе ўсяляк падтрымліваць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас выступу.

Амаль дваццаць пяць хвілінаў доўжылася прамова Аляксандра Лукашэнкі з нагоды Дня Перамогі. У ягоным бачанні свету за вайной ва Украіне стаіць Захад – маўляў, заходнія эліты выгадавалі ва Украіне монстра ў выглядзе нацызму і сутыкнулі ўкраінцаў і расейцаў. Тым часам яны ж падзялілі Украіну на часткі і вымяркоўваюць, які шматок адарваць сабе – а агрэсарам называюць Маскву і Менск.

«Там за мяжой нікога не хвалюе тое, што беларускае войска не ваюе, ігнаруецца тое, што мы зрабілі для найхутчэйшага спынення баявых дзеянняў у свой час, ды і зараз імкнемся паводзіць сябе такім чынам».

Палітолаг Валер Карбалевіч лічыць сённяшнюю прамову самай агрэсіўнай і антызаходняй за ўсе гады Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе:

«Падаецца, усе надзеі на тое, каб распачаць нейкі дыялог з Захадам, ці нейкія кантакты, ці нейкае паразуменне знайсці, нічым не заканчваюцца. Лукашэнка гэта зразумеў і вырашыў не траціць дадатковыя намаганні на гэтую гульню, а проста казаць тое, што яму больш даспадобы».

Імаверна, агрэсіўная рыторыка Лукашэнкі ў пэўнай ступені выкліканая ўчорашняй супольнай заявай краінаў «Вялікай сямёркі»:

«Мы не пашкадуем намаганняў, каб прыцягнуць прэзідэнта Пуціна і архітэктараў ды саўдзельнікаў гэтай агрэсіі, у тым ліку рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, да адказнасці за свае дзеянні згодна з міжнародным правам».

Краіны «Вялікай сямёркі» гэткім чынам выразна дэкларуюць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў вайне ва Украіне выступае суагрэсарам – і расследаванне ды збіранне доказаў гэтаму ўжо ідуць. Асобна датычнасць Лукашэнкі да вайны ў Дзень Перамогі падкрэсліла амбасада ЗША ў Беларусі:

«Не памыляйцеся: Пуцін напаў пры саўдзеле Лукашэнкі. Пэнтагон пацвердзіў, што з 24 лютага ва Украіну было запушчана шмат ракетаў з Беларусі. Лукашэнка ўжо ўцягнуў Беларусь у неапраўданую вайну Расеі. Сённяшнія святкаванні перамогі азмрочаныя ганьбай рэжыму».

Зрэшты, калі адказнасць за ваенную агрэсію і будзе даведзеная – ці магчыма прыцягнуць Лукашэнку да той адказнасці? Валер Карбалевіч лічыць заяву краінаў «Вялікай сямёркі» хоць і раздражняльнай, але пакуль што ўсяго толькі пагрозаю.

«Звычайна да адказнасці прыцягваюць лідараў тых краін, якія пацярпелі ваенную паразу ў вайне. Пераможцы ў якасці пакарання прыцягваюць да нейкага міжнароднага суду. Уявіць гэтую сітуацыю цяпер даволі цяжка, таму я б палічыў гэтую заяву больш сімвалічнай», – каментуе Валер Карбалевіч.

Будучае прыцягненне Лукашэнкі і ягоных памагатых да адказнасці ў тым ліку за вайну ва Украіне стаяла на парадку дня падчас апошняга візіту ў ЗША Святланы Ціханоўскай.

«Святлана Ціханоўская сустрэлася падчас гэтага візіту, напэўна, з трыма з пяці самых уплывовых людзей Злучаных Штатаў і ў прыватнасці з тымі, хто адказвае за палітыку ў дачыненні да Беларусі ў Белым доме і Дзяржаўным дэпартаменце, – расказвае пра паездку дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. – Ёсць рашучасць, няма ніякага шанцу на пацяпленне, лібералізацыю, ніхто не збіраецца гуляць у лукашэнкаўскія гульні, як гэта было раней, калі ён выпускаў некалькіх палітвязняў узамен на зняцце санкцыяў».

Універсальная юрысдыкцыя ўжо дазваляе заводзіць справы супраць злачынцаў беларускага рэжыму. Але ў кожным разе збор матэрыялаў для трыбуналу над самым Лукашэнкам, паводле Франка Вячоркі, зойме гады.