Як працуе лагер выходнага дня для ўкраінскіх дзетак у Вільні


Распавядаем, як працуе праект «Украінскія дзеці ў Літве», які дапамагае дзяцям украінскіх уцекачоў.

Даша ў Вільні ўжо амаль месяц. Разам з мамай Аленай яны прыехалі з украінскага Мікалаева. На пытанне, што было самае цяжкае, Даша адказвае: «Самае цяжкае было перабягаць па цягніках, у нас было шмат прыгодаў…» Алена папраўляе: «Не, самае цяжкае было – з’ехаць».

Таццяна ды Ігар вывезлі з Кіева ўнука Цімура.

«Мы з Кіева, моцна бамбілі там, страшна, дзіця ў ваннай спала ўвесь час, страшна вельмі было», – кажа Таццяна.

Вольга з дваімі дзецьмі ўцякалі ад вайны з Адэсы.

Сённяшні дзень, як паўтары тысячы іншых украінскіх дзяцей з бацькамі, яны правялі ў лагеры выходнага дня, які ладзіць праект «Украінскія дзеці ў Літве».

Сотні валанцёраў, творчыя куточкі і выступы артыстаў, пазнавальныя экскурсіі ды конкурсы. Лагер выходнага дня для ўкраінскіх дзяцей – каляровая акцыя, каб дапамагчы забыць пра вайну і адаптавацца ў новым асяроддзі.

«Абсалютна цалкам гэта прыватная ініцыятыва бізнесу – дробнага і буйнога – ды валанцёраў, якія прыходзяць сюды кожныя выходныя і дапамагаюць літаральна з усім, што вы бачыце ў гэтым лагеры», – кажа менеджэрка праекту «Украінскія дзеці ў Літве» Паліна Стасюк.

Акцыі ладзяцца з пачатку сакавіка: кожную суботу – у будынку Цэнтру сучаснага мастацтва ў Вільні і кожную нядзелю – ва Універсітэце Вітаўта Вялікага ў Коўне. Узяць удзел можна бясплатна, зарэгістраваўшыся на сайце ukrainiankids.lt. А заняткаў дзецям любога ўзросту тут хопіць на ўвесь дзень.

«Адна зала для падлеткаў. Для іх ладзіцца праграма, розныя музычныя праграмы: сёння каскадзёр распавядае пра сваю працу, потым будуць дзве літоўскія поп-зоркі, будуць ладзіць музычныя заняткі. Потым яны рознымі аўтобусамі групамі паедуць на экскурсіі», – пералічвае прадзюсар Лаўрынас Шэшкус, арганізатар дзіцячага лагеру.

Прастора лагеру складаецца з зонаў – для малявання, танцаў ды спеваў, прагляду фільмаў ці для конкурсаў. З дзецьмі займаюцца прафесійныя спевакі, мастакі, цырульнікі ды іншыя адмыслоўцы. Найлягчэй адаптуюцца меншыя дзеці, кажуць валанцёры.

«Яны і ўключаюцца, і пачынаюць жыць сваё дзяцінства. І менавіта гэта было мэтаю нашай акцыі. Складаней падлеткам: яны больш усведамляюць і перажываюць мацней», – адзначае Паліна Стасюк.

Адмысловая праграма ёсць і для бацькоў: экскурсіі, заняткі літоўскай мовы і нават псіхалагічная дапамога.

«Разбуранае ўсё, што толькі можна – і ў душах і ў галовах. Натуральна, каб неяк працягваць жыццё і жыць ды пачаць зноў верыць гэтаму свету і радавацца жыццю – гэта ўсё нам дапамагае вяртацца да нармальнага жыцця. Я вельмі ўдзячная, вельмі», – кажа Вольга, што вывезла дзяцей з Адэсы.

Паводле афіцыйных звестак, Літва прыняла больш за 40 тысячаў уцекачоў з Украіны. Яны знаходзяць працу, аддаюць дзяцей у школы і нанова вучацца радавацца. Але, вядома ж, і кожны дарослы, і кожнае дзіця мараць хутчэй вярнуцца дадому.

«Мне вельмі спадабалася ў Літве, але я сумую па доме, па Адэсе. Там засталіся старэйшы брат Максім і тата», – кажа маленькая жыхарка Адэсы Насця.

Ірына Дарафейчук «Белсат»