Чаму Лукашэнка не зможа стаць міратворцам


Аляксандр Лукашэнка, нібы забыўшы пра ўсялякае пасобніцтва расейскім акупантам, а таксама пра абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі, працягвае настойваць на ўключэнні яго ў перамоўны працэс паміж Украінай і Расеяй, а таксама адзінагалосна з Крамлём прапаноўвае свае паслугі як арганізатара гэтых перамоваў. Што стаіць за гэткім «пераабуваннем»?

«Лукашэнка не можа быць міратворцам, ён даўно забыўся пра боль, які вы адчуваеце!» – абраная лідарка Новай Беларусі Святлана Ціханоўская апублікавала адмысловы зварот да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

«Для мяне відавочна: каб узнавіць мір і бяспеку, расейскія войскі павінны выйсці з тэрыторыі і Украіны, і Беларусі. Але і Лукашэнка павінен сысці таксама. Ён спрабуе перайграць, прабрацца на перамовы і выдаць сябе за міратворцу, а не суагрэсара Пуціна. Але ад імя беларусаў на перамовах павінны гаварыць сапраўдныя прадстаўнікі народу. А Лукашэнка і ягоныя пасобнікі павінны быць прыцягнутыя да адказнасці за свае злачынствы – і перад беларусамі, і перад украінцамі», – падкрэсліла Ціханоўская.

Гэтак Ціханоўская адрэагавала на спробы як Крамля, гэтак і самога Лукашэнкі вярнуць дыктатара ў перамоўны працэс паміж Расеяй ды Украінай, а таксама ўвесці Беларусь у лік дзяржаваў – гарантаў бяспекі для Украіны.

«Лукашэнка схамянуўся, спахапіўся. І ён баіцца выпасці з гэтага працэсу. Думае, што вось, маўляў, у Пуціна з Кіевам нейкі міжсабойчык атрымаецца, Пуцін выслізне з-пад санкцыяў і адсуне ад сябе гэтую перспектыву Гаагі, перспектыву адказнасці за ваенныя злачынствы. А вось беларускі рэжым, які ўлез у гэтую катавасію, атрымае па поўнай праграме», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Памятаем, што ён праводзіў тэлефонныя перамовы з Макронам і Эрдаганам. Гэта былі тэлефанаванні лідараў гэтых краінаў, якія патрабавалі ад яго толькі аднаго – не ўводзіць войскаў на тэрыторыю Украіны. Фактычна ён гэтыя абавязкі нібыта выканаў. І ён цяпер чакае, што яму за гэта вернецца», – дадае кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Вось толькі ці мае дыктатар хаця б прывідны шанец пазбегнуць адказнасці за свае злачынствы? Міжнароднае права адназначна акрэслівае наданне тэрыторыі для нападу як суўдзел у агрэсіі. А таму правярнуць яшчэ раз фінт з донарам рэгіянальнай стабільнасці шанцаў няма, упэўнены палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Цяпер, як бы ні хацеў Лукашэнка, ён у тую самую раку ўжо двойчы не можа ўвайсці. Бо пасля 2020 года, пасля гэтага зверскага здушэння пратэстаў у Беларусі ступень залежнасці ад Крамля стала крытычная, фатальная. І Лукашэнка, можа б, і рады ў рай, але грахі не пушчаюць!» – кажа Класкоўскі.

Пры гэтым і ранейшыя, «даваенныя» грахі таксама анікім не забытыя, падкрэслівае кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

«Лукашэнка ўжо назбіраў да вайны з Украінаю такую колькасць фактаў, якія пацвярджаюць злачынствы, што ён ужо за гэта павінен панесці адказнасць. І адпаведныя матэрыялы, як вы ведаеце, сумесна з Польскай адвакацкай кампаніяй мы перадалі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе пацвердзіў атрыманне гэтых дакументаў – 40 тысячаў старонак доказаў фактаў злачынстваў, якія ажыццяўляе Лукашэнка ў адносінах да беларускага грамадства», – кажа Латушка.

Зрэшты, у «міратворцы» Лукашэнку ўсё-ткі запісалі. Гаворка пра ўкраінскі цэнтр «Міратворац», які залучыў дыктатара Беларусі ў сваю знакамітую базу як суўдзельніка ваенных злачынстваў Расеі супраць Украіны ды яе грамадзянаў.

Валера Руселік, Белсат