Праваабарончыя арганізацыі прызналі 11 новых палітвязняў. Судовы тэрор у Беларусі


У Жабінцы міліцыя не пабачыла складу злачынству ў бел-чырвона-белых стужках, якія віселі на плоце. Пасля правярання адміністратыўную справу супраць мясцовых жыхароў спынілі. Але канвеер крымінальных палітычных справаў працуе без апраўдальных выракаў.

«Перакрывалі праезную частку падчас так званых раённых маршаў», – пісаў тэлеграм-канал МУС Беларусі пра затрыманне трох жанчын і аднаго мужчыны, падазраваных у блакаванні вуліцы Раманаўская Слабада. Крымінальную справу адной з іх – Юліі Якубовіч – сёння пачаў разглядаць суд Цэнтральнага раёну Менску.

Суддзя – адна з лідарак паводле колькасці выдадзеных содняў у 2020 годзе, Вікторыя Шабуня; дзяржабвінаваўца – пракурор Цімафей Нічыпарук.

«Ці абгрунтаваная гэтая справа? Ну відавочна, што не. Ёсць відэа, я не ведаю, з якіх там крыніц, ёсць відэа – і на ім там гэтая блакіроўка. Ці ёсць мая жонка – нават я не пазнаў, ці ёсць яна там ці яе няма», – кажа муж Юліі Валерый Якубовіч.

Юлію затрымалі 27 студзеня. Дома ў яе правялі ператрус і вынялі ўсю тэхніку. Пасля 6 дзён на Акрэсціна жанчына трапіла ў шпіталь са знясіленнем і абязводжаннем, аднак гэта не перашкодзіла пазней змясціць яе пад хатні арышт да суда. На паседжанні Юлія сваёй віны не прызнала, хоць і пагадзілася, што на дарогу выходзіла – каб падтрымаць людзей.

«Тое, што былі парушаныя ПДД на паўхвіліны, тое, што адбываецца ў горадзе 1000 разоў кожны дзень, за гэта крымінальную справу – гэта несправядліва, недапушчальна ў нармальнай краіне. Спадзяюся, у нас такога больш не будзе», – лічыць сябра сям’і Якубовічаў Стась.

«Менсктранс» матэрыяльных прэтэнзіяў да Юліі не выставіў. Абвінавачванне ж заяўляе пра парушэнне працы пасажырскага, камерцыйнага і грамадскага транспарту ў выніку блакавання дарогі. Праз розніцу ў тэксце ў судзе абвесцілі перапынак да 12 красавіка.

«Асабіста я і мая падабаронная не бачым складу злачынства ў гэтых дзеяннях, таму мы разлічваем на законны прысуд, а менавіта апраўдальны прысуд», – адзначыў адвакат Юліі Уладзімір Пыльчанка.

У Магілёве скончыліся судовыя спрэчкі ў крымінальнай справе супраць берасцейскіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. Іх вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў і абразе прадстаўнікоў улады. Блогераў не прывезлі ў суд нават на іхняе апошняе слова, абвяшчэнне выраку прызначылі на 14-га красавіка.

Мянчук, палітзняволены Віталь Шчэрбіч атрымаў чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта рыхтаванне да масавых беспарадкаў.

Заклапочанасць прысудамі выказалі ў АБСЕ, дзе пастанавілі стварыць місію для маніторынгу судовых працэсаў у нашае краіне. Ці мае ініцыятыва шанцы палепшыць сітуацыю?

«Перамовы наконт стварэння могуць быць, але ў бліжэйшы час стварэнне місіі не верагоднае. Будуць падагнаныя законы пад тую сітуацыю, пад тыя патрэбы, якія зараз ёсць ва ўлады. І калі гэтыя законы будуць падагнаныя, калі яны будуць адпавядаць сённяшняму бачанню ўлады, то суды будуць іх выконваць», – каментуе палітолаг Вольга Харламава.

Праваабарончыя арганізацыі прызналі 11 новых палітвязняў. Улады ж у сваю чаргу ціснуць таксама на тых, хто імкнецца абараніць правы чалавека. Сёння адбыўся допыт старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Пакуль што ў статусе сведкі ён праходзіць у межах крымінальнай справы аб рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Ірына Карніенка, «Белсат»