«Дазволіць ствараць палітычныя партыі толькі тым, хто пастаянна жыве ў Беларусі». Адказ на партыйныя амбіцыі


Яшчэ адно абмежаванне: Міністэрства юстыцыі плануе заканадаўча дазволіць ствараць палітычныя партыі толькі тым, хто пастаянна жыве ў Беларусі. Так міністр Алег Сліжэўскі плануе выконваць загад Аляксандра Лукашэнкі пасля адмысловай нарады. Мінюст не проста рыхтуе новы закон аб партыях, а правядзе перарэгістрацыю тых, якія яшчэ дыхаюць.

Маладзечна. Сустрэча з прыхільнікамі кінутага за краты банкіра, вылучэнца на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі. Не ўсе паспелі прачытаць раздадзеную «Памятку бяспекі», як у кавярню завіталі праваахоўнікі. Удзельнік сустрэчы – спадар Руслан, распавёў «Белсату»:

«Папярэдзілі нас, што гэтае мерапрыемства несанкцыянаванае, і выпадку, калі мы цяпер не разыдземся, супраць нас ужывуць нейкія захады».

«Мы ўсе жывем у гэтай краіне, разумеем, чым гэта можа абярнуцца, то на сёння мерапрыемства, можна сказаць, не адбылося», – працягвае валанцёрка штабу Марына Купрыяшына.

Здаецца, гэты інцыдэнт дэманструе стаўленне дзяржавы да стварэння новай ініцыятывы – партыі «Разам». Аднак чалец каманды Бабарыкі Максім Баграцоў прапануе не рабіць такіх глыбокіх высноваў. Сустрэчы планавалі па ўсёй краіне, абапіраючыся… на «Закон аб партыях».

«Ёсць кантэкст правапрымянення і ёсць кантэкст, што цяпер практычна на кожны «чых» глядзяць праз іншую прызму. І вось на гэтай глебе адбылося непаразуменне. Важна, што ўсё адбылося спакойна», – сказаў Максім Баграцоў.

Стваральнікі палітычнай арганізацыі спадзяюцца дамагчыся дазволу сустрэчаў з прыхільнікамі. Тым часам фактычны кіраўнік краіны спяшаецца ўнесці змены ў «Закон аб партыях» – нагадаў пад час нарады, прысвечанай гэтай тэматыцы. Ён таксама абвінаваціў празаходні партыйны фармат у папулізме і перасцярог тых, хто з-за мяжы спрабуе аб’яднаць людзей:

«Як і ва ўсіх развітых дэмакратыях, у Беларусі палітычная дзейнасць катэгарычна не павінная фінансавацца з-за мяжы. І як некаторыя сённяшнія лідары партыяў думаюць, што іх дзяржава з бюджэту будзе фінансаваць, на гэта таксама разлічваць не трэба. У нас ёсць куды накіроўваць дзяржаўныя рэсурсы».

Лукашэнка заявіў, што валодае звесткамі пра незапатрабаванасць партыяў у Беларусі і папрасіў высокіх чыноўнікаў мець гэта на ўвазе.

Сваечасовая просьба, калі ўлічыць, што пра намер ствараць свае структуры заявіла грамадзянская кампанія «Гавары праўду», кіраўнік Народнага антыкрызіснага Упраўленння Павел Латушка. Палітолаг Юрый Васкрасенскі стварае партыю з пратэстоўцаў, «якія своечасова спыніліся». Прарасейскую партыю «Саюз» хоча рэгістраваць Сяргей Лушч. Сваю партыю хоча і Аляксей Дзермант з «Белай Русі». Ёсць яшчэ ахвочыя.

Ганна Красуліна, прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай, падзялілася:

«Мы ведаем, што «Краіна для жыцця» плануе ствараць свае структуры і палітычную партыю, якую пачне заяўляць, калі будуць абвешчаныя новыя выбары. Што датычыць Святланы Ціханоўскай, тут шмат будзе вырашаць сітуацыя, таму што маюць быць вызваленыя палітвязні, што азначае – на волю выйдзе Сяргей Ціханоўскі, які ачоліць «Краіна для жыцця».

У офісе Святланы Ціханоўскай зʼяўленне партыяў у агульным дэмакратычным руху – вітаюць, з папраўкаю:

«Кожны з іх мусіць разумець, што спачатку нам трэба дамагчыся сыходу Лукашэнка і абʼяўлення новых справядлівых выбараў, а ўжо пасля гэтага заяўляецца праграма, і людзі выбіраюць сабе таго палітычнага лідара, які для іх бліжэй», – рэзюмавала Ганна Красуліна.

Ня гледзячы на сістэмнае імкненне дзяржавы задушыць свабоду слова і права на пратэст, каманда Ціханоўскай не ўносіць карэктываў у свае планы – распачаць дыялог па перадачы Лукашэнкам улады ўжо сёлета ў траўні.

Юлія Цяльпук, «Белсат»