Якое дачыненне мае Лукашэнка да «найлепшага беларускага аўтара песень»?


Усе свае. Акурат так у медыях ужо называюць конкурс «Песня года Беларусі», які адбыўся ў Менску. У Беларусі выбралі найлепшую песню 2022 года. Найлепшай песняй 2022 года, на думку экспертнага журы, якое засталося інкогніта, стала кампазіцыя «За нами правда».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тэкст да гэтай песні напісала Ганна Сялук, якая атрымала ўзнагароду як «Найлепшы аўтар словаў». Грамадскі інтарэс да гэтай асобы, якая некалькі гадоў заставалася непублічнаю, павысіўся летась. Тады стала вядома, што пад псеўданімам хаваецца Ганна Лукашэнка – нявестка дыктатара. Іншыя ўзнагароджаныя – заўсёднікі праўладных імпрэзаў, у тым ліку гурт «Аўра» ды спявак Руслан Аляхно.

«Улада купляе такім чынам іх лаяльнасць. У сваю чаргу, стваральнікі праекту купляюць лаяльнасць улады ўручэннем прыза за лепшы тэкст члену сям’і Лукашэнкі. У рамках сваёй логікі яны дзейнічаюць асэнсавана і зразумела», – адзначыў былы тэлевядоўца Іван Падрэз.

Казаць, што такія імпрэзы ладзяцца дзеля будучых аншлагаў на канцэртах айчынных зорак, сёння не варта, упэўнены наш эксперт. Акрамя забаўляльнага кантэнту на дзяржаўным тэлеканале, у іх ёсць іншае прызначэнне.

«Адзіны сэнс “Песні года” у цяперашніх умовах, які я магу ўбачыць, у тым, што гэтыя людзі, якія займаюцца арганізацыяй мерапрыемстваў у дзяржаўных установах, проста бачаць перад сабой адразу асобы, якіх дакладна можна запрашаць на свае мерапрыемствы, і за гэта нічога не будзе», – мяркуе Іван Падрэз.

Таму, паводле Івана Падрэза, казаць пра шоу-бізнес у беларускіх рэаліях сэнсу няма. Бо ўвесь ён зводзіцца да размеркавання дзяржаўнага бюджэту.

Ірына Юрʼева, «Белсат»