Украіну атакавалі гіпергукавой зброяй


Пасля трохтыднёвага перапынку Расея здзейсніла масавы ракетны ўдар па Украіне. Паводле галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага, Расея выпусціла 81 ракету і 8 іранскіх дронаў-камікадзэ «Шагэд». У Кіеве выбухі адбыліся ў Галасііўскім і Святошынскім раёнах. Паводле Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі, расейцы ўдарылі ракетай «Кінжал» па адным з энергетычных аб‘ектаў. Без святла засталіся 15 адсоткаў кіяўлянаў і яшчэ 40 адсоткаў засталіся без ацяплення.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я прачнуўся якраз ад таго, што быў выбух. Даволі моцны выбух. Я і ўявіць не мог, што гэта адбудзецца ў мяне ў двары. Я паснедаў, прыняў душ. Перад тым як выйсці з дому, прачытаў у навінах, што машыны гараць. Калі я выйшаў на вуліцу, то зразумеў, што гэта машыны ў маім двары. Цяжка растлумачыць, што я адчуваю. Таму што метр улева-ўправа, і гэта магла быць мая кватэра», – кажа жыхар Кіева Сяргей.

«Ужо дасталі! Божа, ужо проста няма сілаў. Няма сілаў трываць гэта! Няўжо так можна? Хіба так можна? Гэта нелюдзі! Незразумела наогул, як іх можна назваць. Каб дзеці вось так вось баяліся», – распавядае жыхарка Кіева Людміла.

Акрамя Кіева выбухі прагучалі ў Жытомірскай, Мікалаеўскай і Адэскай вобласцях. У Крывым Розе, Запарожжы і Дняпры. Харкаў цалкам застаўся без святла, вады і цяпла.

«Сабралі ўсё, што толькі можна. І паспрабавалі высекчы яшчэ раз энергасістэму Украіны. Энергасістэма выдужала. Яе немагчыма ўжо высекчы. Бо яна разасяроджаная. Ніякай праблемы гэтая атака не прынесла, акрамя пэўнай колькасці ахвяр. А гэта ў чыстым выглядзе тэрарызм. Генацыд украінскага народу», – распавёў палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

У Херсоне расейскія акупанты абстралялі прыпынак гарадскога транспарту і краму. Паведамляецца аб чатырох загінулых у горадзе.

«У мяне хадуном усё пайшло. Я адразу зразумела, што недзе ў мяне каля дому. Што ж у мяне тут… 50 крокаў ад прыпынку. Алёнку так шкада. Такая дзяўчынка была. Як шкада, божа. Яшчэ і людзі загінулі», – расказвае жыхарка Херсону.

У Львоўскай вобласці расейская ракета ўдарыла ў прыватны сектар Золачаўскага раёну. У выніку гэтай атакі загінулі пяць чалавек.

З 48 крылатых ракетаў ЗСУ збілі 34. Таксама былі знішчаныя чатыры дроны-камікадзэ «Шагэд».

«Я ўсё яшчэ больш схіляюся, што частка ракет, пра якія мы не ведаем, яны былі накіраваныя на патэнцыйныя месцы, дзе запасіцца заходняя тэхніка, заходняя дапамога, для таго, каб не даць правесці Украіне контрнаступленне. Гэта значыць, я ўпэўнены, што быў разлік і такі», – мяркуе Іван Ступак.

Раман Світан не пагаджаецца:

«Справа ў тым, што навалы тэхнікі няма. Яна разасяроджаная спецыяльна для таго, каб не патрапіла ракета. Тэхніка разасяроджаная. А патрапіць, дапусцім, па танку нават у капаніры – проста немагчыма. Кругавое верагоднае адхіленне гэтых ракет не дазваляе выканаць такога роду дзеянні».

А тым часам Славаччына і Польшча аб’явілі аб перадачы Украіне знішчальнікаў МіГ-29.

«Гэта мадэрнізаваныя самалёты, у якіх праведзеная пэўная праца, для таго, каб яны маглі несці натаўскае ўзбраенне. Гэта значыць, натаўскія ракеты, І можна сказаць, што гэта такі ж Ф-16. Толькі, можа, з аднаго боку – яшчэ і лепш, бо мы можам яго адразу сходу выкарыстоўваць. Лётчыкаў у нас вельмі шмат», – кажа Світан.

Паводле інфармацыі Рамана Світана, усяго такіх самалётаў перададуць тры эскадрыллі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»