Суседзі Беларусі бачаць пагрозу ў шпіёнскай актыўнасці КДБ і расейскіх спецслужбаў


Літва працягне рэжым Надзвычайнай сітуацыі на мяжы з Беларуссю і Расеяй. Прынамсі, гэтага чакаюць крыніцы «Белсату» ў літоўскім урадзе. На заўтра запланаванае адпаведнае паседжанне Сёйму. Надзвычайнае становішча на літоўска-беларускім і літоўска-расейскім памежжы ўвялі ў лістападзе 21-га года ў сувязі з хваляй масавай нелегальнай міграцыі, арганізаванай рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер, аднак, Літва і іншыя суседзі бачаць пагрозу і ў шпіёнскай актыўнасці КДБ і расейскіх спецслужбаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міністэрства замежных справаў Латвіі не рэкамендуе сваім грамадзянам карыстацца бязвізавым рэжымам, уведзеным Аляксандрам Лукашэнкам. Бо магчымыя правакацыі беларускіх спецслужбаў. Афіцыйная Рыга паведамляе, што за год у нашай краіне затрымалі як мінімум 18 турыстаў з Латвіі. У МЗС нагадваюць, што ў Беларусі не дзейнічаюць законы, таму дапамагчы дыпламаты не заўжды могуць.

Раней Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы папярэджваў, што лукашэнкаўскія спецслужбы і выведка актывізавалі сваю дзейнасць, і вярбуюць літоўцаў, якія прыязджаюць у Беларусь. Нават без вярбоўкі на мяжы ў літоўцаў могуць узяць мабільныя прылады і ноўтбукі нібыта для праверкі, а вярнуць з узламанымі сістэмамі бяспекі.

«Цяпер якраз адбываецца прэзентацыя літоўскіх ведамстваў наконт пагрозаў нацыянальнай бяспекі Літвы. І там якраз узгадваюць папярэджанні, што рэжымы Беларусі і Расеі маюць даволі абмежаваныя магчымасці рабіць выведку і падобныя дзеянні на тэрыторыі Балтыйскіх краінаў. І таму шукаюць альтэрнатыўных, не заўжды прафесійных», – распавядае Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту.

Расейска-беларуская шпіёнская дзейнасць адбываецца і ў Латвіі, і ў Польшчы. Прычым даўно. Напярэдадні ў Беластоку распачаўся закрыты працэс адносна двух грамадзян Расеі і Беларусі, якія, паводле польскай контрвыведкі, апошнія 6 гадоў шпіёнілі за польскімі вайсковымі часткамі, перадусім каля Сувалкскага калідору, а таксама ў сувязі са штурмам польскай мяжы нелегальнымі мігрантамі, прывезенымі ў Беларусь.

Меркаваныя шпіёны працавалі пад прыкрыццём спартова-турыстычнай дзейнасці. Здабытую інфармацыю расеец і беларус нібыта перадавалі расейскай вайсковай выведцы. Цяпер ім пагражае да 10 гадоў турмы.

«Мужчыны бралі ўдзел у дзейнасці расейскай вайсковай выведкі, выяўляючы вайсковыя аб’екты, якія маюць ключавое значэнне для абароны Польшчы, а таксама вышукваючы інфармацыю пра баяздольнасць, маральны стан і функцыянаванне іх падраздзяленняў», – пазначана ў матэрыялах справы ад імя Акруговай пракуратуры ў Варшаве, аддзел вайсковых справаў.

Паводле літоўскіх службаў бяспекі, спецслужбы Лукашэнкі і Пуціна спрабуюць вербаваць і літоўскіх грамадзянаў, якія ездзяць у Беларусь ці Калінінград, і беларускіх палітычных уцекачоў ці бізнесоўцаў. КДБ Беларусі, расейскую ФСБ, СВР і ГРУ Мінабароны цікавяць не толькі вайсковыя абʼекты на тэрыторыі Літвы. Спецслужбы сочаць за настроямі ў грамадстве, за ўнутранымі канфліктамі, за зборам вайсковай дапамогі Украіне, а таксама актыўна ўжываюць дэзынфармацыю.

«Таксама наконт дзеянняў і падтрымкі беларускім дэмакратам, хто што робіць, з кім сустракаецца. Так што перадусім беларускім ведамствам цікавыя рухі і дынаміка ў самой дыяспары», – распавядае Віціс Юрконіс.

Ад пачатку года ў Беларусь, паводле бязвізавага рэжыму, прыехалі каля 70 тысяч грамадзян Еўразвязу, большасць – літоўцы. На другім і трэцім месцы – жыхары Латвіі і Польшчы адпаведна. Пры гэтым палякаў Дзяржаўны памежны камітэт пускае на ўсіх пунктах пропуску.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»