Лукашэнка хоча ў ШАС


Госць у рэзідэнцыі Лукашэнкі. Гэтым разам – не губернатар чарговага расейскага рэгіёну. У Менск прыехаў генеральны сакратар Шанхайскай арганізацыі супрацы Чжан Мін.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Шанхайская арганізацыя супрацы паўстала ў 2001 годзе як рэгіянальнае аб’яднанне для бяспекі і барацьбы з тэрарызмам. У яго склад увайшлі Кітай, Расея і чатыры краіны цэнтральнай Азіі (за выняткам Туркменістану). Пазней да ШАС далучыліся Індыя, Пакістан, апошнія фармальнасці ўзгадняе Іран. Яшчэ тры дзяржавы – Афганістан, Манголія і Беларусь – маюць статус назіральнікаў.

«Арганізацыя эвалюцыянавала, і цяпер я б разглядаў яе як антызаходні еўразійскі альянс, – кажа эксперт Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгор Ніжнікаў. – Гэта як форум, на якім лідары краінаў сустракаюцца раз на год, каб абмеркаваць пытанні».

ШАС, на думку кандыдата гістарычных навук Яўгена Красуліна, не выглядае надта трывалай арганізацыяй. Некаторыя з яе чальцоў канкуруюць на міжнароднай арэне, а паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам рэгулярна ўзнікаюць памежныя канфлікты.

Пры гэтым Лукашэнка настойліва цягне нашую краіну ў гэтую арганізацыю:

«У статусе назіральніка мы сурʼёзна рыхтаваліся да ўступлення ў ШАС. Таму мы адназначна зможам з тэрмінамі паспець да чэрвеня».

Навошта Лукашэнка так спяшаецца? На думку Яўгена Красуліна, далучэнне да буйной міжнароднай структуры – іміджавы PR-ход узурпатара, скіраваны на ўнутраных спажыўцоў. А вось для Кітаю, які прэтэндуе на першынство ў ШАС, удзел Беларусі на правах сталага чальца выглядае добраю магчымасцю атрымаць лаяльны голас на гэтай ды іншых пляцоўках. Зрэшты, магчымыя нечаканыя праблемы.

«Напрыклад, сутыкнуцца інтарэсы Кітаю, Індыі, Расеі, і ўсе трое адначасова звернуцца да Лукашэнкі. Каго падтрымаеш? Вось тут і сеў стары, бо каму скажаш “не” з гэтай тройкі?» – разважае Яўген Красулін.

На думку Рыгора Ніжнікава, Кітай адносіць Беларусь да сферы расейскага ўплыву:

«Кітай будзе гатовы дапамагаць Менску толькі ў той ступені, пакуль гэта не будзе выклікаць незадаволенасці ў Маскве. Кітай разглядае кітайска-беларускія адносіны як элемент кітайска-расейскіх адносінаў. Ён глядзіць на такія краіны, як Беларусь, як на квазі-Тайвань».

Лукашэнка хоча залагодзіць усе фармальнасці, звязаныя з уступленнем Беларусі ў ШАС, да найбліжэйшага саміту гэтай арганізацыі. Ён пройдзе праз тры месяцы ў Нью–Дэлі.

Ян Федаровіч, «Белсат»