«Будзеце асвятляць вострыя тэмы – паедзеце ў Следчы ізалятар». За кратамі 9 журналістаў


За кратамі застаецца і журналістка парталу TUT.BY Кацярына Барысевіч, якая высветліла, што забіты пасля затрымання Раман Бандарэнка быў цвярозы – насуперак версіі Следчага камітэту і асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Агулам у Беларусі за кратамі паводле крымінальных справаў – 9 журналістаў.

Кацярына Барысевіч асвятляла судовы працэс аб сілавіках, якія «крышавалі» наркагандаль, справу аб смерці ў войску Аляксандра Коржыча, справу медыкаў, справу Уцюрына і гісторыі пра рэпрэсіі ды катаванні дэманстрантаў. Калегі з TUT.BY і «Камсамольскай праўды» адзначаюць ейную дакладнасць, аб’ектыўнасць і ўвагу да дэталяў. Цяпер Кацярына чакае суда ў Следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Танчыць, чытае, піша літаратурныя дзённікі, але атрымлівае толькі траціну лістоў, дасланых з волі.

«Кацю я бачыў у гэтую пятніцу, яна ў выдатным стане, у яе добры настрой. Яна перадае ўсім прывітанне, і просіць, каб людзі за яе не пераймаліся, не думалі, што ў яе ўсё кепска», – паведаміў «Белсату» Андрэй Мачалаў, адвакат Кацярыны Барысевіч.

Кацярыну Барысевіч затрымалі 19-га лістапада. Яе і доктара шпіталю хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна абвінавацілі ў «раскрыцці медычнай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы». А ўсё таму, што Кацярына абвергла версію Следчага камітэту, дзяржаўнага тэлебачання і Аляксандра Лукашэнкі, што затрыманы і збіты да смерці мянчук Раман Бандарэнка меў алкаголь у крыві. Журналістка даведалася, што там быў нуль праміле.

«Уся інфармацыя медычнага характару адносна Рамана Бандарэнкі на момант выхаду яе артыкулу была публічна разгалошана. Немагчыма разгалосіць тое, што было разгалошана. Па-другое, яна не рабіла ніякага падбухторвання сваёй публікацыяй, бо яна па сутнасці выконвала сваю працу, задавала звычайныя пытанні. І, па-трэцяе, гэты артыкул не пацягнуў за сабой нейкія небяспечныя зʼявы ў грамадстве», – тлумачыць Андрэй Мачалаў.

Крымінальныя справы журналістак «Белсату» і Тут.бай аднолькавыя ў матыве ўладаў, кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:

«Гэтыя справы – каб напалохаць іншых калег і паказаць: глядзіце, будзеце асвятляць акцыі, будзеце трапляць не на 15 содняў, а ў Следчы ізалятар па крымінальнай справе. Будзеце асвятляць вострыя тэмы – паедзеце ў Следчы ізалятар, як Кацярына Барысевіч», – кажа Барыс Гарэцкі.

Таксама ў СІЗА на Валадарскага – удзельнікі Прэс-клубу, пляцоўкі, якая арганізоўвае трэнінгі ды сустрэчы медыясупольнасці: заснавальніца Юлія Слуцкая, ейны сын і аператар Пётр Слуцкі, дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмны дырэктар Ала Шарко і журналістка Ксенія Луцкіна. Як паведаміў сёння адвакат, у Ксеніі за кратамі абвастрыліся праблемы са здароўем, якія патрабуюць амаль штодзённых інʼекцый прэпаратаў. Усіх вінавацяць ва ўхіленні ад аплаты падаткаў.

Палітвязнем прызналі і журналіста Андрэя Аляксандрава: яго вінавацяць у фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Андрэй дапамог аплаціць 250 штрафаў удзельнікам пратэстаў з грошай, сабраных ініцыятываю «BY_help».

Чым больш такіх справаў, тым больш пішуць пра дыктатуру Лукашэнкі міжнародныя абʼяднанні журналістаў, кажа Барыс Гарэцкі:

«Толькі за панядзелак з дзясятак зваротаў міжнародных мы размясцілі на сайце БАЖ, і звароты працягваюць прыходзіць. Ад Злучаных Штатаў да Аўстраліі».

Летась у Беларусі журналістаў затрымлівалі амаль паўтысячы разоў. Арышты, непадʼёмныя штрафы і канфіскацыя тэхнікі працягваюцца. Напярэдадні затрымалі нашых калегаў Любоў Лунёву і Дзмітрыя Солтана, цяпер яны ў ізалятары на Акрэсціна.

«На шчасце, Люба паспела паведаміць нашаму калегу, што яны затрыманыя, і што вязуць менавіта ў Савецкі РАУС. Іх затрымалі ў раёне плошчы Перамогі, дзе яны выконвалі свае абавязкі, проста апытвалі людзей», – распавяла прадстаўніца «Белсату» ў Беларусі Ірына Слаўнікава.

Журналістаў пераследуюць па ўсёй Беларусі. Аўтара фельетонаў Змітра Лупача з Глыбоччыны заўтра выклікаюць у Пастаўскі аддзел міліцыі за парушэнне адміністратыўнага заканадаўства аб СМІ. Прычына – супраца з нашым тэлеканалам.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»