У Менску пачалі судзіць журналістак


Падтрымаць Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову ў суд прыйшлі дзясяткі журналістаў, палітыкаў, актывістаў і проста неабыякавых людзей. Каля суда іх сустрэла спецтэхніка, на ўваходзе – узмоцнены кантроль і спецслужбоўцы ў калідорах.

«Ведаю, што Кацярына – чалавек, які не здольны здзейсніць нейкае правапарушэнне, а тым больш злачынства. А за працу журналіста, за тое, што вядзеш здымкі не ў закрытай зоне, ніякай кары ніякі кодэкс не прадугледжвае. Тое, што я чытаў, ніяк не падпадае ні пад якія пакаранні. Канечне, гэта спроба ціску», – кажа Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнага савету ХІІ склікання.

У судовую залу прапусцілі толькі блізкіх сваякоў з адвакатамі, прадстаўнікоў дзяржаўных тэлеканалаў і некалькі незалежных журналістаў. Прычына – нібыта нястача месцаў і патрэба захоўваць «каронавірусную» дыстанцыю. Галоўны вынік першага дня суда даведваліся ад сваякоў: журналісткі не прызналі віны, як ня вераць у яе і блізкія.

«Цырк. У мяне такое ўражанне, што цырк: сядзім усміхаемся. Чым усё закончыцца, не магу сказаць», – кажа Наталля, мама Дар’і Чульцовай.

Кацярыну Андрэеву і Дар‘ю Чульцову затрымалі 15-га лістапада ў доме пры плошчы Пераменаў, калі журналісткі вялі рэпартаж пра разгон жалобнай акцыі ды знішчэнне мемарыялу памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Абедзвюх звінавацілі ў крымінальным злачынстве, нібыта за «арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

У прыватнасці, журналісткі быццам спынілі працу грамадскага транспарту і гэтым нанеслі дзяржаве шкоду памерам больш за 11 тысячаў рублёў. Муж Кацярыны Андрэевай і журналіст Ігар Ільяш быў у судзе сведкам.

«Абсалютна ніякіх доказаў супраць Кацярыны не агучвалася, і я ўпэўнены, што агучвацца не будзе. Усё гэта – сфабрыкаваная палітычная справа», – кажа Ігар Ільяш.

Паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу, журналісткам пагражае да трох гадоў зняволення. Але пераслед Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай дасведчаны палітык, які прыйшоў падтрымаць журналістак, таксама называе не крымінальным, а палітычным.

«Заказны палітычны працэс, таму ў мяне няма спадзеву, што нехта з 1100 суддзяў, якія ёсць у Беларусі, маюць маральнае права называцца суддзёй», – кажа кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Цягам дня ў судзе слухалі сведкаў. Працяг працэсу супраць журналістак у судзе Фрунзенскага раёну адбудзецца 16-га лютага.

«Белсат»