Маразы не адпускаюць


У Беларусі зафіксавалі новы рэкорд спажывання электраэнергіі. Прычына – моцныя маразы, што трымаюцца ў Беларусі ўжо амаль тыдзень. Гэтаю ноччу ў асобных рэгіёнах краіны тэмпература апускалася да мінус 30-ці. Расце колькасць пацярпелых ад абмаражэння і галалёдных траўмаў. Цярпяць і жывёліны, і птушкі. Як засцерагчы сябе і дапамагчы тым, хто побач?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі – аранжавы ўзровень небяспекі праз маразы і галалёдзіцу. Ратаўнікі і камунальнікі папярэджваюць пра ўскладненне дарожнай сітуацыі і небяспеку павелічэння колькасці аварыяў.

Да таго ж нізкія тэмпературы становяцца выпрабаваннем для аўтатранспарту. Гэтак, паводле апытання гледачоў «Белсату», каля 15-ці адсоткаў не здолелі завесці свайго аўта. Заўважна меней, але скардзяцца людзі і на грамадскі транспарт, які спазняецца праз коркі і паломкі. Пяць адсоткаў апытаных не пазбеглі галалёдных траўмаў.

Напярэдадні Міністэрства аховы здароўя апублікавала статыстыку, паводле якой, з пачаткам пахаладання – з 21-га лістапада і да 8-га студзеня – у Беларусі зарэгістравалі амаль дзевяць з паловаю тысячаў пацярпелых, што трапілі ў шпіталі з абмаражэннямі і траўмамі. Асаблівую небяспеку ў зімовы сезон уяўляюць сходы пад’ездаў, падземных пераходаў, а таксама чаканне на прыпынках транспарту і забавы на горках.

Морозы в Беларуси, зима, холод, снег, велосипед, деревня
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Па заснежанай дарозе чалавек едзе на ровары. Менская вобласць, Беларусь. 20 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Траўматолаг Аляксей Носаў раіць насіць абутак на пратэктары, каб было не так слізка. Таксама ў моцныя маразы ён раіць мець цёплы і зручны абутак, а таксама адзенне, хаваць адкрытыя ўчасткі цела. Калі пазбегнуць абмаражэння не ўдалося, трэба звяртацца да спецыялістаў і не займацца самалячэннем.

Цярпяць ад маразоў жывёліны і птушкі. Гэтак, у Берасці ратавальнікі прыйшлі на дапамогу замёрзламу ў лёд лебедзю. Зоаабаронцы заклікаюць не заставацца абыякавымі да беспрытульных жывёлінаў. І хоць часова, але размясціць іх у памяшканнях з абагрэвам і кормам. Маюць патрэбу ў дадатковым сілкаванні і птушкі, якім складана знайсці пракорм за кароткі светлавы дзень.

Паводле арнітолага Настассі Кузьмянковай, ёсць шмат розных сталовак, якія можна прыладзіць на вакно. Насыпаць жа лепей за ўсё не смажаныя і не салёныя семкі сланечніку.

Ужо заўтра ў Беларусі прагназуюць пацяпленне. Але ў пятніцу маразы вернуцца. Будзе да мінус 15-ці.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»