«Google» і «YouTube» выступаюць супраць незалежных беларускіх медыяў?


Незалежныя беларускія медыі нябачныя для беларусаў. Артыкул на гэткую тэму з’явіўся ў амерыканскім выданні «Financial times». Замест праўдзівай інфармацыі без цэнзуры беларускі чытач атрымлівае порцыю лукашэнкаўскай і пуцінскай прапаганды. Чаму так адбываецца ды пры чым тут «Google» і «Youtube»?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пошукавая сістэма «Google» выдаe інфармацыю ад беларускіх незалежных медыяў у апошнюю чаргу. Гэткую праблему заўважыла амерыканскае выданне «Financial times».

«Калі сайт пастаянна недаступны, а не сакрэт, што шмат якія сайты беларускіх медыя заблакаваныя для карыстальнікаў у Беларусі, то гэта можа паўплываць на бачнасць гэтага сайта ў выдачы вынікаў пошуку», – кажа старэйшы аналітык «IQ» Паўлюк Быкоўскі.

Блакаванне сайтаў незалежных медыяў, у прыватнасці «Белсату», «Еўрарадыё», «Нашай нівы» ды іншых, на тэрыторыі Беларусі пачалося яшчэ ў 2020-ым годзе. То бок даступнымі яны робяцца толькі праз выкарыстанне VPN. Але ёсць і іншая перашкода, яе ўзгадвае Паўлюк Быкоўскі:

«Такія сэрвісы, як “Google news” увогуле не маюць такога рэгіёну, як Беларусь і з-за таго, што няма рэгіёну Беларусь, то беларускі карыстальнік, калі ён выбірае рускую мову, а беларускай там увогуле няма, то ён можа выбраць толькі Расею або Украіну і адпаведна ён выбірае набор навінаў расейскіх федэральных медыя або ўкраінскіх медыяў».

Няхай і ненаўмысна, але такім чынам «Google», «Meta» ды іншыя тэхналагічныя кампаніі гуляюць на руку Пуціну і Лукашэнку.

«Вось так атрымліваецца, што “Google” спрыяе распаўсюду вось гэтых усіх прапагандысцкіх наратываў і праваенных наратываў, наратываў з падтрымкай расейскай агрэсіі ва Украіне, проста таму, што не хоча разумець сітуацыю і змяняць свае алгарытмы», – робіць выснову галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Firmbee.com / Pexels

Паводле «Financial Times», Еўрапейская камісія ўжо заклікала «Google» ды іншыя буйныя кампаніі паспрыяць беларускім незалежным медыям у прасоўванні іх зместу. На запыт выдання ў кампаніі «Google» адказалі, што прыкладаюць усе намаганні, каб не браць пад увагу палітычных поглядаў, а «Meta» ж адказу не дала.

«Вельмі шмат праблемных краінаў, і “Google” не ў стане ўсю гэту інфармацыю апрацоўваць у патрэбны час. То бок што нам падаецца відавочным, то для гіганцкай тэхналагічнай кампаніі – гэта кропля ў моры. Таму трэба сістэмна дабівацца, каб нас пачулі», – тлумачыць галоўная рэдактарка праекту «Соль» (Прэс-клуб Беларусі) Алена Верашчагіна.

Як паспяховы крок у гэтым кірунку можна лічыць перамовы пра супрацу дэмакратычных сілаў Беларусі з шэрагам тэхналагічных кампаніяў летась падчас візіту Святланы Ціханоўскай і ейных прадстаўнікоў у Вашынгтон.

«Калі ёсць нейкія запыты ад журналістаў ці грамадскіх арганізацыяў, яны могуць звяртацца ў офіс на gmail: Tech@tsikhanouskaya.org. І мы гэтыя пытанні вырашаем адное за другім: ужо заблакавалі каля 400 відэа ролікаў – гэта прызнальныя відэа ў асноўным, якія на YouTube размяшчалі Губопікі», – узгадвае старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Яшчэ адно дасягненне каманды Ціханоўскай: «Google» вылучыў 2 асобы, якія займаюцца беларускім пытаннем. Але ў той жа час у дачыненні Украіны такіх асобаў у разы болей.

Аліна Скрабунова, «Белсат»