Вашынгтон ідзе насустрач


Стратэгічны дыялог у Вашынгтоне завяршаецца. І ўжо ёсць першы вынік. Злучаныя Штаты, магчыма, будуць выдаваць беларусам трохгадовыя візы, а таксама выстаўляць статус часовай абароны. Да таго ж ЗША будуць закрываць усе дзіркі, праз якія Лукашэнка спрабуе абысці санкцыі, і будуць уводзіць новыя абмежаванні, пакуль рэжым не спыніць сваю дзейнасць. Пра гэта заявілі амерыканскія дыпламаты ў Вашынгтоне. У сталіцы ЗША – апошні дзень Стратэгічнага дыялогу, кансультацыяў міждзяржаўнага ўзроўню, дзе Беларусь прадстаўляюць дэмакратычныя сілы, а не Алейнік ці Амбразевіч.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сённяшні апошні дзень Стратэгічнага Дыялогу на ўзроўні ЗША-Свабодная Беларусь быў прысвечаны падтрымцы беларускай моладзі, нацыянальнай ідэнтычнасці і падтрымцы нашай культуры.

«Калі ехала сюды, на Стратэгічны Дыялог, я не чакала такой цікавасці з боку амерыканскага прадстаўніцтва. Яны запрасілі лепшых экспертаў у розных галінах», – дзеліцца ўражаннямі дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях моладзі і студэнцтва Маргарыта Ворыхава.

«Гэта дастаткова новы трэк, які раней не гучаў на такім узроўні. І нам трэба пашукаць магчымасці і варыянты падтрымкі ініцыятываў як унутры краіны, так і сярод тых, хто ў выгнанні, накіраваныя менавіта на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Бо нацыянальная ідэнтычнасць – гэта наш галоўны антыдот рускаму міру, які прыходзіць паступова ў Беларусь», – кажа галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Гэты тыдзень быў унікальны ў гісторыі беларуска-амерыканскіх стасункаў, мяркуе Алесь Аляхновіч. Ніколі раней не было падобных шматдзённых перамоваў прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных структураў і групаў прадстаўнікоў амерыканскіх ведамстваў: Дзяржаўнага дэпартаменту, Міністэрстваў эканомікі і фінансаў і іншых. Дамоўленасці і планы між ЗША і Свабоднай Беларуссю датычацца і справаў беларускага бізнесу, не звязанага з Лукашэнкам.

«Гэта могуць быць праграмы па адукацыі, і анлайн-адукацыі, калі беларусу нават не трэба пакідаць краіну, каб навучацца. Але таксама гэта могуць быць праграмы, калі беларус прыязджае ў ЗША, і на свае вочы бачыць, як бізнес працуе ў ЗША, як працуюць біржы і банкі», – дзеліцца адным з аспектаў перамоваў віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Алесь Аляхновіч.

Калі казаць пра амерыканскія візы, то, магчыма, беларусы ў будучыні змогуць атрымліваць іх не на год, а на тры.

«Прыйшлі да адзінага разумення, што прыватны сектар – гэта стратэгічны партнёр у дэмакратызацыі Беларусі ў еўраатлантычнай інтэграцыі. Адпаведна, падтрымка прыватнага бізнесу вельмі важная, асабліва цяпер, калі ён адчувае пабочныя эфекты санкцыяў», – падкрэслівае эканаміст з даследчага цэнтру «BEROC» Дзмітрый Крук.

Санкцыі супраць Лукашэнкі будуць пашырацца, і тут дэмакратычныя сілы дапамагаюць інфармацыйна.

Стратэгічны дыялог беларускіх дэмакратычных сілаў і ЗША. Вашынгтон, 7 снежня 2023 года.
Фота: tsikhanouskaya/Telegram

«Мы працягнем развіваць нашыя санкцыйныя пакеты, уключна з намаганнямі закрыць прарэхі і дзіркі ў санкцыях. Рэжым Лукашэнкі добра адаптуецца пад санкцыі, а мы працуем, каб выявіць і знішчыць такія магчымасці», – заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафэр Сміт.

Асабліва важнае пытанне – саўдзел Лукашэнкі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны, каб перавыхаваць іх у расейскіх грамадзян.

«Мы сканцэнтраваныя на гэтай праблеме не толькі, каб было ясна, якую ролю адыгрывае рэжым Лукашэнкі ў выкарыстанні дзяцей, у выкраданні дзяцей з Украіны і перамяшчэнні ў Беларусь і потым у Расею. Мы таксама глядзім на гэта з гледзішча санкцыяў», – патлумачыў Крыстафэр Сміт.

Амерыканскія партнёры цікавяцца не толькі грашыма, але і культурай.

«Падтрымка адукацыйных праектаў, у тым ліку спецыяльных стыпендыяў для беларусаў, і ўзмацненне гэтага трэку па навучанні беларусаў у Амерыцы. Беларускіх студэнтаў, але не толькі. Таксама прафесійных людзей, якія могуць будаваць Новую Беларусь», – кажа пра магчымасці, якія абмяркоўвалі з амерыканскімі партнёрамі, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык.

Адзін з партнёраў – Агенцтва ЗША ў справе міжнароднага развіцця.

«У найбліжэйшы час у Літве адчыніцца адмысловы офіс “USAID” (Агенцтва ЗША ў справе міжнароднага развіцця) для працы, скіраванай на падтрыманне беларускага народу. Гэта яшчэ раз пацвярджае моц нашага ўзаемадзеяння і нашага падтрымання», – заявіў Марк Сімакоўскі з Агенцтва ЗША ў справе міжнароднага развіцця.

Каб падкрэсліць важнасць Стратэгічнага Дыялогу, у перамовах удзельнічала намесніца Дзяржаўнага сакратара Вікторыя Нуланд. Святлана Ціханоўская, якая ўзначальвала беларускую дэлегацыю, мяркуе, што канкрэтнае ўзаемадзеянне з Вашынгтонам можа нарэшце змяніць правілы гульні ў трыццацігадовай барацьбе беларусаў за свабоду.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»