Ці будзе працягнуты алімпійскі бан?


Караць урады, а не спартоўцаў. Заўтра падчас Алімпійскага саміту функцыянеры МАК абмяркуюць, ці дапускаць да спаборніцтваў удзельнікаў з Беларусі і Расеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З Паўночнай Карэяй, але без Расеі і Беларусі. Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах чарговы раз выказаўся за падаўжэнне санкцыяў у дачыненні нацыянальных камітэтаў дзвюх краінаў.

«Магчыма, вас не здзівіць, што санкцыі супраць Расеі і Беларусі ды іх урадаў ніякім чынам не ставіліся пад сумнеў у хадзе сённяшніх вельмі глыбокіх дэбатаў. Як я ўжо неаднаразова заяўляў, санкцыі павінны заставацца ў сіле. Гэтыя санкцыі былі ўведзеныя за парушэнне алімпійскага перамір’я, што ёсць парушэннем Алімпійскай хартыі», – прамовіў Томас Бах пад час прэсавай канферэнцыі.

Санкцыі ўключаюць забарону на правядзенне міжнародных спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі і Расеі, забарону на сцягі, гімны, колеры ды іншыя спосабы ідэнтыфікацыі дзвюх краінаў на міжнародных спаборніцтвах, адкліканне алімпійскіх узнагародаў у расейскіх чыноўнікаў.

«Санкцыі тлумачацца ў тым ліку тым, што парушаецца асноўны прынцып фэйр-плэй. Таму што ўкраінскія спартоўцы не могуць на роўных рыхтавацца да міжнародных спаборніцтваў, як прадстаўнікі краіны-агрэсара, карыстацца такой жа інфраструктураю», – кажа прадстаўнік Беларускага Фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Пры гэтым у МАК не выключылі, што спартоўцы з Беларусі і Расеі ўсё ж змогуць узяць удзел у наступнай, парыжскай Алімпіядзе. Рэкамендацыі аб іхным адхіленні Бах назваў захадамі абароны, а не санкцыямі.

«Нам давялося дзеяць насуперак нашым уласным каштоўнасцям і нашай уласнай місіі, якая заключаецца ў абʼяднанні ўсяго свету ў мірнай канкурэнцыі. Але, каб абараніць гэтую цэласнасць і каштоўнасць спаборніцтваў, мы вымушаныя былі зрабіць тое, чаго мы ніколі не рабілі і ніколі не хацелі рабіць, – гэта забараніць спартоўцам удзельнічаць у спартовых спаборніцтвах толькі праз іхны пашпарт», – працягвае Томас Бах.

Паводле Томаса Баха, у МАК паспрабуюць знайсці кампраміс паміж інтарэсамі спартоўцаў і бяспекаю. Дакладнай даты канчатковага рашэння Бах не назваў. У якасці аднаго з кампрамісных варыянтаў прапануецца дазволіць беларусам і расейцам выступаць пад сцягам МАК.

«Існуе магчымасць допуску спартоўцаў, але пад нейтральным сцягам і пры ўмове падпісання антываеннай дэкларацыі, безумоўнага асуджэння вайны ва Украіне. Напрыклад, падобны механізм працуе ў Польшчы», – кажа кіраўнік БФСС Аляксандр Апейкін.

Расейскія чыноўнікі ў сваю чаргу ўсё часцей кажуць аб правядзенні альтэрнатыўных спаборніцтваў. Тым больш, што такі вопыт ужо ўкараняецца. Да прыкладу, этапы Кубкаў свету па біятлоне і лыжах замянілі этапамі Кубка Расеі, дзе да камандаў расейскіх рэгіёнаў дадаліся беларускія спартоўцы.

«Калі нас будуць не дапускаць занадта доўга, магчыма, Расеі давядзецца ініцыяваць нейкую альтэрнатыву Алімпійскім гульням з каштоўнасцямі, якіх прытрымліваюцца спартоўцы: напрыклад, калі жанчыны спаборнічаюць толькі з жанчынамі», – кажа дэпутатка расейскай Дзярждумы Святлана Журава.

Што праўда, беларусы не могуць прэтэндаваць у гэтых спаборніцтвах нават на прызавыя выплаты.

Між тым, частка адборачных спаборніцтваў да Алімпіяды 2024 у Парыжы ўжо стартавала. Без расейцаў і беларусаў.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»