31 год таму перастаў існаваць Савецкі Саюз


Дакументы аб ліквідацыі імперыі падпісалі прадстаўнікі Беларусі, Расеі і Украіны – трох з чатырох рэспублік-заснавальніц. Такім чынам, на месцы найбуйнейшай краіны свету ўзніклі 15 новых, якія на той момант абвесцілі незалежнасць ад саюзнага цэнтру. Сярод іх была і Беларусь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тое, што Савецкі Саюз знік – гэта шэраг абставінаў: палітычных і эканамічных, сацыяльных, культурных, этнічных. Гэта комплекснае пытанне. Тут цяжка вылучыць адзін чыннік, які паўплываў», – лічыць гісторык Аляксандр Фрыдман.

Крах СССР прайшоў амаль незаўважна для яго жыхароў. Яны былі засяроджаныя на выжыванні ва ўмовах распаду планавай эканомікі.

Зрэшты, праз некаторы час пачалася хваля настальгіі. У Беларусі на яе грабяні апынуўся Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін увогуле называў распад СССР найвялікшай геапалітычнай катастрофай 20-га стагоддзя. Адметна, што акурат дзякуючы знікненню саюзу і Пуцін, і Лукашэнка здабылі ўладу. Таму палітолаг Павел Усаў называе іхныя гучныя заявы спекуляцыяй:

«Яна была звязаная з тым, каб падтрымліваць антызаходнія настроі ў Беларусі і Расеі. Каб паказаць, што Савецкі Саюз гэта ідэальная мадэль функцыянавання грамадства».

Сімвалічным спадкаемцам СССР сталася СНД, у якую спачатку ўвайшлі 12 з 15 савецкіх рэспублік. Гэтае аб’яднанне ад пачатку мела фармальны характар. Цяпер жа перажывае не найлепшыя часы. У выніку імперскай палітыкі Расеі ад СНД адкалоліся Грузія і Украіна.

«Расея выкарыстоўвала СНД для прасоўвання сваіх палітычных інтарэсаў, – кажа Аляксандр Фрыдман. – Гэты праект усё больш і больш звязаны менавіта з Расеяй, успрымаецца як расейскі. Таму ўсе дзяржавы, якія нічога з Расеяй мець не жадаюць, або пацярпелі ад агрэсіі – сыходзяць. А іншыя, якія застаюцца, яны застаюцца на дыстанцыі».

Выключэнне – Лукашэнка. У абмен на эканамічнае падтрыманне ён уводзіў Беларусь ува ўсё большую залежнасць ад Масквы, падпісаў дакументы пра інтэграцыю з Расеяй. Дамову аб утварэнні гэтак званай Саюзнай дзяржавы падпісалі 8 снежня 1999 года, у гадавіну ліквідацыі СССР.

У 1996 годзе расейская Дзярждума зрабіла спробу дэнансаваць Белавежскія пагадненні. Аднак развіцця ініцыятыва не атрымала. Цяпер у Расеі ўсё часцей кажуць аб працягу гэтага працэсу. Далучаюцца нават лукашэнкаўскія прапагандысты.

«Якія яшчэ “каментары” патрэбныя адносна Белавежскіх пагадненняў? – здзіўляецца Аляксандр Шпакоўскі. – Іх неабходна дэнансаваць. У Беларусі для гэтага ёсць усе ўмовы. Кавы нальём, пра бяспеку парупімся. Ад Украіны падпіша Алег Цароў».

Але Расея, на думку Паўла Усава, усё ж не пойдзе на такі крок. І не таму што не хоча, а таму што не мае магчымасцяў.

«Для Расеі гэта будзе абсалютным паражэннем, таму што калі нешта не прызнаваць і нешта дэнансаваць, павінны быць сілы, каб гэта рэалізаваць, – мяркуе спадар Усаў. – А такіх сілаў на сённяшні момант няма і не будзе. Наадварот, гэта яшчэ больш прыспешыць актыўныя дзеянні па аддаленні ад Расеі».

Постсавецкія дзяржавы цягам апошніх 30 гадоў рухаліся ў кірунку розных цэнтраў сілы, у тым ліку Масквы. На думку Аляксандра Фрыдмана, параза Пуціна ва Украіне паўплывае на гэтыя працэсы: краіны СНД могуць перастаць арыентавацца на Расею і яе інтэграцыйныя праекты.

Ян Федаровіч, «Белсат»