Ваенны стан і мабілізацыя могуць працягнуцца да лютага


Ваенны стан і мабілізацыя могуць працягнуцца прынамсі да лютага. Гэтак дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны каментуюць законапраект Уладзіміра Зяленскага. Дакумент, унесены прэзідэнтам на разгляд парламенту, у выпадку прыняцця фармальна зноўку працягне асаблівы прававы рэжым, які дае органам улады і вайсковаму камандаванню дадатковыя паўнамоцтвы, неабходныя для абароны. Раней украінскія ўлады ўжылі закон ваеннага часу, каб узяць пад кантроль акцыі 5 стратэгічных кампаніяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Адбылося адчужэнне ў дзяржаўную маёмасць актываў стратэгічна важных прадпрыемстваў, у тым ліку “Мотор Січ”, “Запарожтрансфарматар”, “АўтаКрАЗ”, “Укрнафта” і “Укртатнафта”. Маёмасць атрымала статус вайсковай, кіраванне ёй перададзенае Міністэрству абароны», – заявіў старшыня Рады Нацыянальнай бяспекі і Абароны Аляксей Данілаў.

Сёння ж украінскі ўрад вызваліў ад падаткаў і мытаў увоз тавараў, неабходных насельніцтву для ацяплення падчас расейскіх ракетных удараў па крытычнай інфраструктуры. Цяпер не трэба плаціць за ўвоз генератараў, электрарухавікоў, трансфарматараў, акумулятараў, бойлераў і таму падобных прыладаў. Як заявіў прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль, эвакуацыя насельніцтва з гарадоў з прычыны разбураных энергетычных абʼектаў можа ўжывацца ў апошнюю чаргу як экстранны крок.

Выбары пад інфармацыйнай атакай

У ЗША стартавалі прамежкавыя выбары. Гэтае галасаванне вызначае заканадаўцаў у абодвух палатах Кангрэсу, а таксама губернатараў у большасці штатаў. Чыноўнікі дзяржаўнага і мясцовага ўзроўню, а таксама федэральныя агенцтвы запэўніваюць грамадзянаў, што выбары пройдуць бяспечна і абаронена ад фальсіфікацыяў. Эксперты ў галіне дэзінфармацыі чакаюць інфармацыйных атакаў аб нібыта падробцы галасоў. Раней кіраўнік незаконнага ўзброенага фармавання «ПВК Вагнэра» Яўгеній Прыгожын заявіў, што ягоныя «фабрыкі троляў» умешваюцца ў амерыканскія выбары на загад Крамля. Але ў Белым доме адрэагавалі на гэтыя словы спакойна: цытата «нічога новага».

Перамовы аб міры на Каўказе

Міністры замежных справаў Арменіі і Азербайджану правялі мірныя перамовы ў Вашынгтоне з ініцыятывы амерыканскага боку, у прэзідэнцкім гасцявым доме. Гаворка ішла пра магчымасць урэгуляваць так званы Карабахскі канфлікт.

Дзяржаўны сакратар ЗША падкрэсліў нязменнасць пазіцыі Вашынгтону ў справе мірных перамоваў між Баку і Ерэванам.

«Непасрэдны дыялог – гэта найлепшы шлях да сапраўднага надзейнага міру, і мы вельмі радыя дапамагчы ў гэтай справе. Злучаныя Штаты моцна падтрымліваюць суверэнітэт і тэрытарыяльную незалежнасць як Арменіі, так і Азербайджану, і аднаўленне незалежнасці ў 1991 годзе было жыццёва важным момантам у гарантаванні правоў абедзвюх краінаў», – заявіў Энтані Блінкен.

Раней міністэрствы абароны Арменіі і Азербайджану абвінавацілі адно аднаго ў абстрэлах на мяжы са стралковай зброі.

Марыля Дакуцька, Яраслаў Сцешык, «Белсат»