На беларускіх паліцах з'явіўся яшчэ адзін расейскі лек ад ковіду


У Віцебску на прадпрыемстве, дзе плануецца вытворчасць беларускай вакцыны ад ковіду, прайшло чарговае працоўнае паседжанне, паведамляе міністэрства аховы здароўя. А ў аптэкі даставілі яшчэ адзін расейскі лек ад гэтай небяспечнай інфекцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што «Скайвіра» мае дапамагчы хворым на COVID-19 пазбегчы цяжкага развіцця хваробы. У аптэках пацвердзіць эфектыўнасць новага прэпарату не могуць.

«Усе лекі праходзяць выпрабаванні, таму павінен быць эфектыўным і бяспечным. Але ён з’явіўся на мінулым тыдні, яшчэ нават не было на яго рэцэпту. У любым выпадку вам трэба кансультавацца з лекарам і ацэньваць карысць і рызыку гэтага прэпарату», – раяць у даведачнай службе аптэкі.

«Скайвіра», як і «Мірабівір», што зʼявіўся ў беларускіх аптэках месяц таму, – камбінацыя двух дзейных рэчываў: нірматрэльвіру і рытанавіру. Абодва – аналагі прэпарату «Paxlovid». Але наколькі эфектыўныя расейскія копіі прэпарату кампаніі «Pfizer», невядома, адзначаюць медыкі з суполкі «Белые халаты».

«Паводле інфармацыі, што ёсць у СМІ, клінічныя выпрабаванні паказалі, што лек зніжае рызыку развіцця цяжкіх ускладненняў ад хваробы COVID, якая ўжо развілася. Але ніводная з фазаў клінічных даследаванняў “Скайвіры” не была апублікаваная», – паведамляецца ў тэлеграм канале суполкі.

Без візіту да лекара набыць новы лек не атрымаецца, бо прадаюць яго паводле рэцэпту і каштуе ён амаль 500 рублёў за пяцідзённы курс лячэння, прыкладна столькі ж, як і ў Расеі.

Апроч кошту і шматлікіх абмежаванняў і супрацьпаказанняў, значна памяншае выкарыстанне «Скайвіры», як і папярэдняга «Мірабівіру» тое, што пачынаць іх прыём мае сэнс у першыя пяць дзён ад зʼяўлення сімптомаў ковіду.

«Працэс дыягностыкі ў Беларусі моцна ўскладнены, шмат якія пацыенты проста застаюцца ўдома – не выклікаюць лекара і не робяць тэставання. То бок лабараторна хвароба не пацвярджаецца і, адпаведна, няма паказанняў для прызначэння прэпарату. Складана і прызначыць яго своечасова, бо працэс дыягностыкі зацягваецца даўжэй, чым на пяць дзён», – тлумачыць нам лекар на ўмовах ананімнасці.

Лекар-інфекцыяніст з Украіны Фёдар Лапій адзначае, што прэпараты для лячэння ковід-19 сапраўды існуюць – гэта прэпараты наўпроставага віруснага дзеяння, але прызначаюцца яны пры лёгкай ці сярэдняй форме хваробы.

«Перш як прыступаць да лячэння, трэба вакцынавацца. У першую чаргу і ў другую трэба прайсці вакцынацыю. Апроч вакцынацыі трэба зрабіць бустарную дозу, каб увогуле не ўзнікала пытанняў пра цяжкое цячэнне ковід-19 і прызначэнне прэпаратаў», – лічыць Фёдар Лапій.

Звесткі пра сітуацыю з каронавірусам у Беларусі не публікуюцца. Апошнія афіцыйныя лічбы Міністэрства аховы здароўя падавала яшчэ ўлетку, але даверу яны не выклікалі. У кастрычніку ж паведамлялася, што больш за дзве траціны беларусаў (70,2 %) цалкам вакцынаваныя, а палова насельніцтва (53,6 %) атрымала трэцюю дозу вакцыны.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»