Беларускія прадпрыемтвы на мяжы банкруцтва


Яшчэ на пачатак верасня ў Беларусі налічвалася пад паўтары сотні дзяржаўных прадпрыемстваў-банкрутаў. Пры гэтым нават афіцыёзныя эксперты прызнаюць: налета сітуацыя толькі пагоршыцца. Віну ўлады ўскладаюць на заходнія санкцыі, але пра ўласную адказнасць за давядзенне прадпрыемстваў да гаротнага стану сціпла маўчаць.

143 дзяржаўныя прадпрыемствы цяпер на мяжы банкруцтва, паведамляе Міністэрства эканомікі. Між тым у дадзеных, апублікаваных на стан пачатку верасня, нічога драматычнага прынамсі пакуль што няма, упэўнены эканаміст Яраслаў Раманчук. Па-першае, усе пазыкі прадпрыемстваў складаюць каля дзесяці адсоткаў ВУП – гэта не крытычна для айчыннае эканомікі. Дый, насамрэч, на мяжы банкруцтва сёння застаецца каля траціны ўсіх беларускіх прадпрыемстваў – улады элементарна звыклыя да гэткай карціны.

«Гэта прадпрыемствы, якія ў канцы года нешта сваё атрымаюць. Бо, як мы бачым, за 9 месяцаў гэтага года бюджэт збалансаваны і грошы ёсць. Міністэрства фінансаў не выдала тыя грошы, якія магло даць, каб стымуляваць і палепшыць становішча гэтых прадпрыемстваў», – тлумачыць Раманчук.

Калі ж грошы ў бюджэце ёсць, то навошта тады даводзіць прадпрыемствы да гаротнага стану? Аналагічнае пытанне можна задаць, напрыклад, і кіраўніцтву прадпрыемства «Горадня-Азот», дзе частцы працаўнікоў пачалі скарачаць заробкі. Прадстаўнік Рабочага руху і сустаршыня стачкаму «Горадні-Азоту» Юрый Рававы падкрэслівае: скарачэнне закранула толькі асобныя і не самыя важныя вытворчасці.

«Гэта такая, на маю думку, спроба прамацаць сітуацыю, як зрэагуюць людзі: будуць усхваляваныя – або будуць паводзіцца спакойна. Бо грошы насамрэч у «Горадні-Азоту» ёсць. І ўжо Ляшэнка рапартаваў, што ад пачатку года «Горадня-Азот» зарабіла больш за 260 мільёнаў рублёў, хаця ў тым годзе напрацавалі ў мінус 80 мільёнаў», – заўважае Рававы.

Тое, што грошы ў бюджэце на ратаванне прадпрыемстваў ёсць, пацвярджае і той факт, што прынамсі для часткі прадпрыемстваў, якія застаюцца на мяжы банкруцтва, ужо дзейнічае санацыя, то бок працэс аздараўлення, каб пазбегнуць банкруцтва з дапамогаю фінансавых датацыяў.

«Гэта тое, што беларускія ўлады робяць кожны год, нічога новага тут няма. Кожны год 100, 200, 300 прадпрыемстваў атрымліваюць спісанне пазыкаў, павялічваецца статутны фонд, акцыі актыву перапакоўваюць, бонды выстаўляюць і затым перапрадаюць дзяржаўным банкам», – кажа Яраслаў Раманчук.

Што праўда, ужо налета ўлады рыхтуюцца да зацягвання паясоў. Паводле афіцыйнага прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2022 год, у тым ліку праз заходнія санкцыі нас чакае падзенне ВУП і рост дзяржаўнай запазычанасці, а таксама хваляванні рабочых. А таму частка дзяржаўных прадпрыемстваў можа неўзабаве змяніць гаспадара. Так, чуткі пра рыхтаванне да продажу з’явіліся як на «Горадні-Азоце», так і на «БелДжы».

«Гэта выглядае верагодным, бо пад санкцыямі развіцця для прадпрыемства няма наогул. І як адно з выйсцяў – змяніць уласніка прадпрыемства з дзяржавы, магчыма, на нейкага расейскага алігарха ці на расейскую дзяржкарпарацыю нейкую», – кажа Юрый Рававы.

Хваляванні ж сярод працаўнікоў, паводле прагнозаў чыноўнікаў, могуць быць выкліканыя, сярод іншага, масавымі скарачэннямі. Паводле Міністэрства эканомікі, страціць працу цяпер рызыкуюць каля сямісот тысяч беларусаў.

Валера Руселік, «Белсат»