Як не сесці за публікацыі ў сацыяльных сетках


«Вітаю! Да маёй свякрові прыйшлі з ператрусам за каментар сына пра здарэнне на Якубоўскага. Не знайшоўшы сына, вынялі ўласную тэхніку сваячкі. Цяпер мы вельмі за яе перажываем», – гэткія паведамленні дасылаюць «Белсату» гледачы.

І турбавацца ёсць за што. Паводле міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова, за публікацыі ў сацыяльных сетках паводле гэтак званай справы Зельцара затрыманыя каля 200 чалавек.

«Усе яны знаходзяцца ў турмах, заведзеныя крымінальныя справы, ідзе следства, высвятляюцца ўсё новыя асобы», – заявіў Кубракоў.

Затрыманні адбываюцца не толькі за каментары ў сувязі са смярцямі Андрэя Зельцара і Дзмітрыя Федасюка. Але і за публікацыі ў Telegram-каналах і нават суседскіх чатах.

Потым гэтак званыя сілавікі запісваюць вось такія «пакаяльныя» відэа:

«Я раскайваюся і цалкам прызнаю сваю віну. Я не павінна была абражаць службовых асобаў і павінна была ўлічваць тое, што Telegram неананімны».

Hавiны
Так працуе тэрарызм: каб баяліся ўсяго. Сацыёлаг пра рыторыку ўладаў пасля забойстваў у Менску
2021.10.03 10:51

Узятых пад варту найчасцей вінавацяць у злачынствах паводле двух крымінальных артыкулаў: 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»).

«Няма такой судовай практыкі, няма магчымасці сапраўды весці дэбаты пра межы законнасці ў судзе. Таму, на жаль, цяпер трэба чакаць таго, што любы ваш каментар, калі будзе такая мэта павялічыць колькасць, статыстыку людзей, якія атрымалі адміністратыўныя ці крымінальныя прысуды, можа быць успрыняты супраць вас», – зазначае медыяэкспертка Марыя Садоўская-Камлач.

Дзеля таго, каб не патрапіць пад пераслед, адмыслоўцы ў галіне бяспекі раяць ня толькі перагледзець свае паводзіны ў інтэрнэт-прасторы, гісторыі допісаў і паведамленняў, але і наладкі прыладаў.

Hавiны
За тыдзень пытанняў у справе двайнога забойства ў Менску стала яшчэ больш
2021.10.06 20:02

«Ва ўсіх прыладах ёсць магчымасць зашыфраваць гэтыя прылады: і iPhone, і Android. Гэта базавыя наладкі. Далей у нас ёсць магчымасць уключыць паролі на асобныя праграмы, калі мы кажам пра мабільныя тэлефоны», – каментуе эксперт у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні.

Найважнейшае правіла, якое варта засвоіць: не прывязваць свае сацыяльныя сеткі да беларускай сім-карты і не захоўваць нават прыватнага ліставання. Таму найлепей карыстацца мэсэнджарамі, якія дазваляюць аўтаматычна выдаляць паведамленні, як Telegram і Signal.

Hавiны
Генерал Белаконеў прапанаваў забіць сто беларусаў у адказ на гібель працаўніка КДБ
2021.10.01 14:52

Марыля Дакуцька, «Белсат»