Ці ёсць сэнс у слуханнях аб запуску другога энергаблоку АЭС?


З абмежаванаю колькасцю месцаў, без онлайн-трансляцыі ды магчымасці на нешта паўплываць. Гэтак «Дзяржатамнагляд» правёў слуханні аб запуску другога энергаблоку АЭС у Астраўцы. Экалагічныя арганізацыі пры гэтым заклікалі прыпыніць усе працы прынамсі да часу, пакуль не будуць пераадоленыя праблемы з першым энергаблокам. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дзяржатамнагляд» рыхтуецца выдаць ліцэнзію на эксплуатацыю другога энергаблока Беларускай АЭС. З гэтай нагоды сёння прайшлі так званыя грамадскія слуханні. Узяць удзел у іх маглі тыя, хто фізічна перабывае ў Менску, Астраўцы або Гомлі. Онлайн-трансляцыі не праводзілі.

«Напісана “слуханні”, ну, значыць, слухаць павінны. Гэта залюстроўе нашае беларускае звычайнае. Грамадскія слуханні – гэта калі дзяржаўныя органы збіраюць меркаванні, каб прыняць рашэнне. А ў нашай жа сітуацыі слуханні – гэта калі дзяржаўныя органы распавядаюць беларусам, што яны запусцяць 2-гі блок», – кажа каардынатарка антыядравага раздзелу «Экадому» Ірына Сухій.

Паводле Ірыны Сухій, «Экадом» не дасылаў сваіх сябраў на слуханні, бо выказванне любой крытыкі нясе небяспеку сябрам арганізацыі, якія застаюцца ў Беларусі. Рэжым Лукашэнкі прызнаў «Экадом» экстрэмісцкім фармаваннем.

«Калі я прысутнічала на слуханнях аб выдачы ліцэнзіяў у 21-м годзе для запуску 1-га блока, мы спыталі, якія аргументы, што зрабіць, каб ліцэнзія не была выдадзеная. Нам адказалі, што не ўяўляюць такой сітуацыі. Што слуханні праводзяць, калі ўжо ўсё вырашана. Але тады навошта іх праводзіць?» – зазначае каардынатарка антыядравага раздзелу «Экадому» Ірына Сухій.

БелАЭС. Крыніца: Minenergo_by / Telegram

На сённяшніх слуханнях кіраўніца «Дзяржатамнагляду» Вольга Лугоўская пахвалілася нібыта міжнароднаю экспертызаю:

«Ёсць патрабаванні МАгАтЭ да абавязковых элементаў, якія павінныя быць створаныя ў краіне, каб функцыянаванне такога складанага аб’екту было бездакорным. Нашая краіна іх зрэалізавала – ёсць адпаведнае пацверджанне па лініі шматлікіх місіяў МАгАтЭ, якія праходзілі ў Беларусі».

Ці давяраеце вы ўладам Беларусі адносна заяўленага ўзроўню бяспекі БелАЭС? Пра гэта запыталася сваіх чытачоў «Зялёная сетка». Адмысловае галасаванне размешчанае на сайце greenbelarus.info, неўзабаве выданне падзеліцца вынікамі.

Пакуль жа – звесткі ад «Дзяржатамнагляду». З апублікаваных дакументаў вынікае, што вакол станцыі расце апраменьванне. Пра гэта ў жывым эфіры на канале «Еўрарадыё» распавёў фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі:

«Гэта не азначае, што перавышаны нейкія нарматывы гэта азначае, што людзі атрымалі дадатковае апраменьванне. Чаму гэта ўсё роўна небяспечна? Вялікая колькасць людзей, жыхары гэтых населеных пунктаў атрымліваюць невялікае дадатковае апраменьванне і для кагосьці з іх гэта стане спускавым кручком для пачатку развіцця цяжкіх захворванняў у тым ліку анкалагічных».

Пытанне, дзе і як захоўваць радыеактыўныя адкіды, таксама меліся закрануць сёння на слуханнях. Раней «Дзяржатамнагляд» пастанавіў, што кароткі час адкіды будуць заставацца ў Беларусі, пасля накіроўвацца ў Расею на перапрацоўванне і зноўку вяртацца ў Беларусь.

«Гэта найбольш адпаведны варыянт і для Беларусі выгадны. Наколькі выгадны для Расеі, цяжка зразумець, але для Беларусі гэта зручней і эканамічна і экалагічна: найдаўжэй актыўныя і найбольш небяспечныя ізатопы будуць вернутыя ў Расею», – кажа эксперт атамнага праекту экалагічнага абʼяднання «Беллона» Зміцер Гарчакоў.

Кантроль за сітуацыяй і галоснасць інфармацыі – галоўная праблема Беларускай АЭС, лічыць фізік-ядравік Зміцер Гарчакоў:

«Рэжым у Беларусі, як і ў Расеі, не прадугледжвае і ўвогуле не дапускае крытыкі таго, што ён робіць, і не дапускае ні незалежных, ні ўласных грамадскіх арганізацыяў, а тым больш замежных. Усё гэта ўжо само па сабе ставіць вялікае пытанне да таго, як там усе працэсы адбываюцца».

Будоўля і запуск першага энергаблоку БелАЭС прайшлі са скандаламі: падзенне рэактару, неаднаразовы перанос запуску, праблемы з дакументацыяй. У выніку, зазначаюць эксперты «Зялёнай сеткі», першы блок АЭС прастойвае палову часу, энергія таннейшаю не стала, Беларусь трапіла ў яшчэ большую залежнасць ад Расеі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»