Уладзімір Фясенка: «Лукашэнка вельмі баіцца паўтарэння лёсу Мусаліні»


Не абарона, як прадугледжвае беларуская вайсковая дактрына, а контрнаступ. Да чатырнаццатага верасня беларускія вайскоўцы на вучэннях пад Берасцем будуць адпрацоўваць «вызваленне тэрыторыі, часова захопленай праціўнікам». Раней Украіна выказала пратэст з нагоды такой легенды. Наколькі блізкі вайсковы тэатр да рэальнасці і хто пісаў сцэнар чарговага акту?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аднаўленне кантролю над дзяржаўнай мяжою ў зонах адказнасці жаўнераў. Авіяцыйнае падтрыманне войскаў. Забеспячэнне сілавых захадаў ваеннага становішча. Барацьба з дыверсійна-выведніцкімі групамі.

Стартавала 19-ае пад час вайны ва Украіне вучэнне Узброеных Сілаў Беларусі.

Якія дзеянні прадугледжвае легенда вучэнняў, распавядае незалежны вайсковы аналітык:

«Мы вядзем абарону, адступаем паступова ўглыб краіны. За гэты час мы мабілізуем нашую армію, то бок прызываем рэзерв, здымаем баявую тэхніку з захоўвання, а потым разам з расейскай арміяй, якая прыбыла, распачынаем вызваленне занятай тэрыторыі і аднаўленне дзяржаўнай мяжы», – кажа Аляксандр Алесін.

Украіна напярэдадні ўспрыняла такі вайсковы спектакль, як здзек. Бо гэта Беларусь прызнаная міжнароднай супольнасцю, як саўдзельніца нападу на Украіну. Кіеў не зрабіў аніводнага сіметрычнага адказу на ракеты, пуск якіх адбываўся з тэрыторыі Сінявокай. Адрозненне гэтых вучэнняў:

«Гэта ўжо адпрацоўка ўжо другой аперацыі – контрнаступу. Як правіла, паводле савецкай школы, гэта такое прыкрыццё наступальнай аперацыі. У гэтым выпадку ўвесь комплекс падрыхтоўкі беларускай арміі да вайны праведзены. Яны адпрацоўваюць наступальную аперацыю», – кажа Павел Лакійчук – кіраўнік праграмаў бяспекі Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія XXI».

Тут варта ўзгадаць легенду з вучэнняў «Захад-2017», дзе расейскія і беларускія войскі змагаліся з умоўнымі Вейшнорыяй, Лубеніяй і Весбарыяй. Абарона ў першым акце – і контрнаступ у другім – на замежныя землі. Такія вучэнні раней насцярожвалі краіны NATO, а цяпер – выклікаюць рэальны непакой ва Украіне і змушаюць узважваць рызыкі.

«Магчыма гэта частка гульні Пуціна, таму што мы на беларускім напрамку вымушаныя трымаць вельмі вялікую групоўку сілаў, якія цяпер маглі б вызваляць Данбас, ці Херсоншчыну», – мяркуе Павел Лакійчук.

Мінабароны Беларусі ў анонсе вучэння адзначыла, што дзеля міжнароднага спакою запрасіла прадстаўнікоў ваенна-дыпламатычнага корпусу замежных краінаў. Аднак гэта назіральнікі з сяброўскіх Беларусі краінаў.

Палітолаг Уладзімір Фясенка нагадвае нам, што Лукашэнка мае доследы, у якіх бачыць нежаданне беларусаў ваяваць з Украінаю, таму будзе манеўраваць, пакуль гэта магчыма. Ведае таксама, што асабіста для яго азначала б прамое далучэнне да вайны:

«Пуцін хоча ўцягнуць яго ў гэтую вайну. А Лукашэнка баіцца. Я не здарма параўноўваю яго з Мусаліні. Мусаліні быў такім узорам для Гітлера на пачатку. А ў выніку пераўтварыўся ў малодшага залежнага партнёра і дрэнна скончыў. Яго расстралялі, а потым павесілі да гары нагамі. Я думаю што Лукашэнка вельмі баіцца паўтарэння лёсу Мусаліні», – лічыць палітолаг Уладзімір Фясенка.

Мусаліні прайграў менавіта таму, што ўцягнуўся ў гітлераўскую вайну. Будзем спадзявацца, што выпускнік гістфаку Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытуту Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на гэтай лекцыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»