Пэтэр Стана: «Незаконнае затрыманне нашага дыпламата – сур'ёзнае парушэнне Венскай канвенцыі»


Замест таго каб замяць скандал з затрыманнем еўрапейскага дыпламата на палітычна матываваным судзе ў Менску, прапагандысты яшчэ болей распальваюць канфлікт. І гэта пасля таго, як еўрапейскі бок выклікаў часовага паверанага Беларусі ў Брусэлі на размову і звярнуўся да ўладаў Беларусі з просьбаю развязаць праблему. Міністэрства замежных спраў Беларусі адказала, што няма чаго хадзіць па судах і даваць сваю адзнаку дзейнасці судовай і пракуроскай улады ў Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Справу Грыгорыя Азаронка – пераслед еўрапейскай дыпламаткі – сёння працягвае работніца «СБ. Беларусь сегодня» Людміла Гладкая. Раніцаю на могілках у Лідзе ў правакацыйнай манеры яна спрабавала завязаць дыялог з часоваю паверанай у справах Еўразвязу ў Беларусі Эвэлінаю Шульц і прадстаўніком амбасады Польшчы ў Беларусі.

Прадстаўнікі Еўрапейскай дыпламатычнай місіі сабраліся на каталіцкіх могілках у Лідзе, каб ускласці кветкі ў памяць пра польскіх жаўнераў, пахаваных там у пачатку 20-га стагоддзя. Работніцу «СБ. Беларусь сегодня» Людмілу Гладкую ўсхвалявала не толькі гэтае: «Вы толькі і робіце, што ездзіце па судах да экстрэмістаў, вось учора ці днямі былі ў анархістаў. У людзей, якія ладзілі розныя правакацыі, рыхтавалі дзяржпераварот. Вось як гэта растлумачыць? Скажыце, ці магу я сцвярджаць што, вашая дыпламатычная дзейнасць заключаецца ў тым, каб весці дыверсійную дзейнасць у краіне, у якой вы ў гэты момант працуеце?»

Эвэліну Шульц, часовую павераную ў справах Еўразвязу ў Беларусі, пасля аналагічнай атакі з боку Азаронка 6-га верасня затрымала міліцыя. Спадарыня Шульц разам з іншымі дыпламатамі прыехала на палітычна матываваны суд у «справе “Рэвалюцыйнага дзеяння”».

Сама Эвеліна Шульц пракаментавала інцыдэнт наступным чынам: «У канцы майго затрымання каля 17.30, калі прыбыў прадстаўнік дзяржпратаколу МЗС, супрацоўнік міліцыі папрасіў мяне праз прадстаўніка МЗС (які перакладаў) прыняць афіцыйны «пратакол» і падпісаць яго. На працягу ўсёй гэтай «размовы» я настойвала на захаванні майго дыпламатычнага імунітэту і на прысутнасці прадстаўніка дэлегацыі Еўразвязу і/або консулаў Польшчы ці Нямеччыны».

Каб атрымаць тлумачэнні інцыдэнту, Еўрапейская служба вонкавых дзеянняў выклікала да сябе часовага паверанага ў справах Беларусі ў Брусэлі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Еўракамісіі Пэтэр Стана:

«Гэта быў непрымальны акт парушэння дыпламатычнай недатыкальнасці. Нашая павераная ў справах Еўразвязу ў Беларусі была затрыманая беларускаю міліцыяй на тэрмін больш за дзве гадзіны. Незаконнае затрыманне нашага дыпламата – сур’ёзнае парушэнне Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах, якія гарантуюць асабістую недатыкальнасць дыпламатаў і ставіць пад пытанне бяспеку дыпламатаў у Беларусі».

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз таксама пракаментаваў сітуацыю:

«Ёсць усімі прызнаны прававы дакумент – Венская канвенцыя аб дыпламатычных зносінах. Яна дакладна вызначае функцыі прадстаўніцтваў, і сярод іх няма ні бадзяння па судах, ні ацэньвання працы судовай улады, ні пракурорскай, ні адвакацкай дзейнасці».

Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што Эвэліна Шульц часта робіцца галоўным абʼектам атакі як прадстаўніца ўсяго Еўразвязу, а не нейкай канкрэтнай краіны:

«Дыскрэдытаваць Еўразвяз, дыскрэдытаваць Захад і каштоўнасці, маўляў, бачыце яны не могуць, не хочуць адказаць на нашыя пытанні, значыць усё, што мы кажам пра ЕЗ, пра іх палітыку – праўда. Дакладна, яна варожая. Ну вось логіка такая».

Псіхалагічныя атакі, фізічны пераслед – гэта, безумоўна, частка агульнага ціску з боку беларускай дзяржавы на прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу ў Беларусі, кажа Валер Карбалевіч: «Беларускія ўлады не задаволены дзейнасцю еўрапейскіх дыпламатаў – гэта факт. Вядома, што прадстаўніцтва суседніх краін – Літвы, Латвіі, Польшчы скарочана да мінімуму. Амерыканская амбасада фактычна не працуе – усё гэта ёсць вынік таго ціску, які аказваюць беларускія ўлады».

Відэакантэнту, знятага на каталіцкіх могілках у Лідзе, Людміле Гладкай паказалася недастаткова. Яна рушыла за прадстаўнікамі еўрапейскай дыпламатычнай місіі ў Лідскі замак.

У Абʼяднанай Еўропе дзеянні журналістаў дзяржаўных медыяў і міліцыі ацанілі як «падрыў бяспекі» еўрапейскіх дыпламатаў. Што праўда, уздзейнічаць на такія захады пастанавілі пакуль дыпламатычнымі намаганнямі. Прадстаўніцтва Еўразвязу звярнулася да ўладаў Беларусі з просьбаю спыніць пераслед.

Вольга Васільева, «Белсат»