Беларусы падтрымалі свае медыі ў Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. ФОТА і ВІДЭА


Пераслед журналістаў не спыняецца. На 15 содняў арышту адправіў суд Цэнтральнага раёну Менску былога журналіста спартовага выдання «Трыбуна» Андрэя Маслоўскага. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыі, прызнанай экстрэмісцкай.

А беларускія дыяспары ў Беластоку, Варшаве, Вроцлаве, Вільні, Кіеве ды Празе выказалі падтрымку незалежным беларускім медыям з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці журналістаў. Працягне Анастасія Русецкая.

У Вільні на адной з цэнтральных плошчаў адбылася акцыя ў падтрымку беларускіх журналістаў.

Акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі. 8 верасня 2021 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат
Акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі. 8 верасня 2021 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат
Акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі. 8 верасня 2021 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

«Зараз ідзе нейкае паляванне на журналістаў, на незалежных журналістаў. І мой абавязак як грамадзяніна падтрымаць гэтых людзей, гэтых журналістаў і паказаць, што мы салідарныя з імі. Тых, хто за каратамі, чакаем, а тых, хто вымушаны быў з’ехаць з краіны, мы чытаем і сочым за іх дзейнасцю, іх рэпартажамі».

«Ужо не засталося ў Беларусі незалежнай прэсы. Сёння мы заклікаем усе астатнія незалежныя СМІ ўсіх краінаў свету: паколькі не можам гаварыць мы, за нас можаце сказаць вы», – кажуць удзельнікі акцыі.

А ў Беластоку акцыя, прысвечаная Міжнароднаму дню салідарнасці журналістаў, прайшла на рынку Касцюшкі каля помніку Пілсудскаму.

«Без свабоднай прэсы няма свабоднай дзяржавы. Увогуле свабоды няма. Тое, што засталося у нас, усялякія БТ, – гэта не прэса, гэта проста прапаганда».

Акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі. 8 верасня 2021 года. Беласток, Польшча.
Фота: Белсат
Акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі. 8 верасня 2021 года. Беласток, Польшча.
Фота: Белсат
Акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі. 8 верасня 2021 года. Беласток, Польшча.
Фота: Белсат

«У Беларусі няма ніякай свабоды для журналістаў. Яны сядзяць па турмах, па камерах. Шмат каго я ведаў асабіста. Таму я хадзіў на ўсе мітынгі, хаджу і буду хадзіць», – кажуць удзельнікі акцыі.

З адмысловым зваротам у гэты дзень выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Нягледзячы на рашэнне Вярхоўнага суду Беларусі аб ліквідацыі, сябры БАЖ працягваюць працу.

«Журналістыка – гэта не палітыка, не нейкае змаганне. Гэта грамадскае дабро. Калі мы ўсе разам будзем гэта разумець, мы можам як краіна, як народ, як супольнасць рухацца наперад. Таму сённяшні наш зварот да ўсіх: журналістыка – гэта не злачынства. І журналісты павінныя быць на волі», – заявіў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» прызнала Беларусь самай небяспечнай для журналістаў краінай Еўропы. За год рэпрэсіяў, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў, Беларуская асацыяцыя журналістаў налічыла 581 затрыманне прадстаўнікоў медыяў. У рэдакцыях і дамах журналістаў прайшло 142 ператрусы і агляды. Ад гвалту сілавікоў пацярпелі 68 журналістаў.

Акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі. 8 верасня 2021 года. Батумі, Грузія.
Фота: Белсат
Акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі. 8 верасня 2021 года. Батумі, Грузія.
Фота: Белсат
Акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі. 8 верасня 2021 года. Батумі, Грузія.
Фота: Белсат

Цяпер за кратамі 28 журналістаў. Сярод іх – працаўнікі «Нашай нівы», TUT.by ды іншых медыяў.

10 месяцаў застаюцца ў зняволенні журналісткі каналу «Белсат» Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова, якіх асудзілі за вядзенне стрыму з жорсткага разгону акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў у Менску.

Напрыканцы жніўня маці Дарʼі мела шчасце пабачыцца з дачкою.

«Мы з ёй бачыліся 4 гадзіны. Выглядала Даша вельмі добра, пазітыўна. Настрой у яе быў вельмі добры. Усміхалася ўвесь час мне. Я вельмі радая за яе, што хаця б вярнуўся да яе настрой», – кажа маці Дарʼі Чульцовай Наталля Церабіленка.

Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд – два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Дарʼя Чульцова ў калоніі вырабляе лякала, а Кацярына Андрэева працуе краўчыхай. Муж Кацярыны Ігар бачыў сваю жонку ў пачатку жніўня. Пасля – толькі лісты, з якіх даведваецца, што яна падтрымлівае добры эмацыйны стан.

«З 1 верасня яе залічылі ў ПТУ. Ёсць у вязняў такая магчымасць – вучыцца, набываць новую спецыяльнасць. Яна вучыцца на цырульніка. Гэта не вызваляе яе ад асноўнай працы. Яна адпрацоўвае змену на фабрыцы. А потым ідзе вучыцца», – распавядае муж Кацярыны Андрэевай, журналіст «Белсату» Ігар Ільяш.

Сам Ігар Ільяш, які застаецца падазраваным па крымінальнай справе, жахлівы час рэпрэсіяў і пераследу, што цяпер перажывае беларуская журналістыка, лічыць у пэўным сэнсе зорным момантам для журналістаў.

«Мы прыйшлі ў гэтую прафесію якраз для таго, каб асвятляць падзеі ў такія надзвычайныя часы. Для таго, каб даносіць інфармацыю да чытачоў, гледачоў у такіх эпахальных падзеях», – кажа Ігар.

Улады абʼяўляюць незалежныя СМІ экстрэмісцкімі, блакуюць сайты, выціскаюць рэдакцыі за мяжу. Нягледзячы на гэта праўдзівую інфармацыю да грамадства беларускія журналісты працягваюць даносіць.

Анастасія Русецкая, Белсат