Зборную Беларусі па футболе ўзначаліў былы трэнер юніёрскай «Барсэлоны»


У зборнай Беларусі па футболе новы галоўны трэнер. Замежнік, 48-гадовы іспанскі адмыслоўца Карлас Алёс Фэрэр, які дагэтуль кіраваў зборнай Руанды. Якая пры ім правяла ажно 11 матчаў і толькі ў адным атрымала перамогу. Кантракт у Беларусі з Алёсам Фэрэрам заключылі да канца 2024 года з магчымасцю падаўжэння на яшчэ адзін сезон.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Якіх дасягненняў чакаюць ад новага трэнера зборнай, Беларуская федэрацыя футболу пакуль не абвяшчае. Імаверна, працу іспанца будуць ацэньваць паводле поспехаў каманды ў кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы-2024, а таксама ў гульнях Лігі нацыяў УЕФА.

Карлас Алёс Фэрэр пачаў трэнерскую кар’еру ў 2003 годзе. Працаваў у іспанскіх футбольных клубах. З 2011 да 2014 года ўзначальваў юніёрскую каманду «Барсэлоны». Трэнаваў юнацкую зборную Казахстану. Быўшы на чале «Кайрату», заваяваў Кубак гэтай краіны. Мае досвед у чэмпіянатах Польшчы, Кіпру, Марока, Катару і Гон-Конгу.

У гісторыі нацыянальнай зборнай Беларусі Карлас Алёс – трэці замежны коўч пасля расейца Анатоля Байдачнага і немца Бэрнда Штанге.

«Пакуль што гэта можна расцэньваць як падзею гістарычную. Але ці будзе гэтая падзея, ці спрычыніцца яна да нейкіх дасягненняў, да нейкіх зрухаў да лепшага ў беларускім футболе, пра гэта вельмі цяжка казаць», – кажа журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

Сам жа Алёс падчас выступу ў Доме футболу распавёў, што аналізаваў матчы сваёй новай каманды. Ды падкрэсліў, што старт кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы для зборнай не задаўся. Але пры гэтым ён бачыць шанцы і дапускае прагрэс у гульні нацыянальнай дружыны.

Зборная Беларусі правяла матч з ізраільцянамі ў адборы да чэмпіянату Еўропы 2024 года.
Фота: abff.by

«Ну, у мяне словаў няма, калі шчыра. Калі ён гаворыць такія рэчы, то ў яго шанцы ёсць. Але я хачу на гэта паглядзець, мне проста цікава ўжо. Ну я не думаю, што ў бліжэйшыя тэрміны, у яго кантракт толькі падпісаны на год, крыху больш, нешта ён зможа, скажам падняць клас. Калі яму гэта ўдасца, ну, я толькі магу паапладзіраваць. Але я думаю, што гэта будзе вельмі і вельмі цяжка», – мяркуе беларускі футбольны трэнер Алег Дулуб.

Цяпер зборнай Беларусі забаронена гуляць міжнародныя матчы на сваёй тэрыторыі. Яна пазбаўленая заўзятараў. Да таго ж іспанскаму трэнеру давядзецца ўлічыць чорны спіс беларускіх футбалістаў, якія асудзілі ґвалт ды фальсіфікацыю вынікаў выбараў у 20-м.

«Я мяркую, ён калі не ведае ў падрабязнасцях, то здагадваецца, што адбываецца ў Беларусі. Яму не маглі не трапляцца загалоўкі газет на вочы. І акрамя таго ён працаваў у Руандзе, якая таксама не зʼяўляецца свабоднай краінай. Наўрад ці ў яго былі добрыя прапановы. Таму тут для яго магчымасць нарэшце ўзначаліць нацыянальную зборную», – кажа Арцём Сізінцаў.

Наперадзе ў зборнай Беларусі 6 гульняў адборачнага турніру да «Еўра-2024». І каб выйсці ў фінальную частку, неабходна заняць як мінімум другое месца ў групе. Беларусы ж пакуль атрымалі 1 перамогу і адстаюць ад прахадной пазіцыі на 5 пунктаў. Наступная гульня адбудзецца 9 верасня ў гасцях з Андораю.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»