У Менску павялічваюць колькасць камераў назірання ўтрая


Утрая болей камераў назірання з’явіцца на вуліцах Менску. Найперш іх усталююць на ўсіх участках для галасавання на выбарах 2024 года. Маўляў, гэта дапаможа правесці празрыстыя і бяспечныя выбары.

«Калі гэта будзе ўэб-трансляцыя таго, што адбываецца на выбарчым участку – акей, добра, можа, нават паспрыяе празрыстасці выбарчага працэсу. Але штосьці ў мяне ёсць сумневы. Я да канца не разумею, у якой такой небяспецы знаходзяцца грамадзяне на выбарчых участках, каб там патрэбныя былі гэтыя камеры», – абураецца спецыяльны дарадца Святланы Ціханоўскай у справе выбараў Аляксандр Шлык.

Паводле звестак нашага эксперта, відэаназіраннем на выбарах карысталіся Азербайджан, Расея, Грузія, Украіна, Албанія, Сьера-Леонэ і Калумбія. «Гледзячы на гэты спіс краінаў, бачна, што гэта не тыя краіны, у якіх усё добра з выбарамі. Камерамі карыстаюцца часцей за ўсё для таго, каб зрабіць уражанне таго, што працэс празрысты і што працэс пад кантролем», – тлумачыць Аляксандр Шлык.

Мэта відэаназірання ў Беларусі – у тым ліку знайсці актывістаў і пратэстоўцаў, у чым уладам дапамагае сістэма распазнавання твараў «Kipod». Паводле ініцыятывы былых сілавікоў «BELPOL», да сістэмы падключаныя тысячы камераў краіны, а доступ маюць амаль усе ведамствы, датычныя да палітычных рэпрэсіяў.

«Яны для гэтага і робяць усё болей і болей камераў, і праз гэта будуць прыходзіць звесткі на пастаяннай аснове. Грамадству трэба разумець, што ўсе іх дзеянні, калі яны не прытрымліваюцца захадаў бяспекі, будуць зафіксаваныя», – мяркуе прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Купрэйчык.

У красавіку сталіца мела каля 6 тысяч камераў назірання, уключаных у так званую Рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі.

Назіранне за грамадзянамі рэгулюе Закон аб аператыўна-вышуковай дзейнасці. Сачыць за чалавекам праз камеру можна толькі тады, калі справа на яго ўжо заведзеная, з дазволу пракурора. Але тут жа ў другім параграфе ўдакладненне, што гэта не датычыць відэаназірання ў грамадскіх месцах.

«Беларуская ўлада працуе паводле адной і той жа схемы. Яны заўсёды падмяняюць паняцці і лічаць, што калі чалавек мае нейкі іншы погляд і пратэстуе супраць улады, то ён злачынец. Яны падводзяць гэта пад артыкулы Крымінальнага кодэксу», – лічыць Мацвей Купрэйчык.

Але відэаназіранне нясе небяспеку для правоў чалавека не толькі ў краінах з аўтарытарным рэжымам. Карпарацыі па ўсім свеце выкарыстоўваюць распазнаванне твараў у сваіх мэтах.

Напрыклад, некаторыя супермаркеты гэтак аналізуюць наведнікаў – іхны ўзрост, пол і нават настрой. Гэта ў тым ліку тэхналогія распазнання эмоцыяў. Ужо ёсць білборды, якія мяняюць рэкламу ў залежнасці ад таго, хто праходзіць побач.

«Відавочна хочуць вызначыць, ці задаволены чалавек прыйшоў, ці задаволены прыйшоў. У якім стане ён цяпер і што яму ў гэты момант лепш за ўсё падсунуць. Калі мы гэтага не кантралюем, то перастаем кантраляваць увогуле сваё прыватнае жыццё», – упэўнены кіраўнік юрыдычнай практыкі «Роскомсвободы» Саркіс Дарбінян.

У чэрвені еўрадэпутаты падтрымалі забарону на карыстанне распазнаваннем твараў. Знайсці злачынцу або зніклага чалавека праз відэаназіранне можна будзе толькі праз суд. Гэта першы ў свеце заканадаўчы акт, які рэгулюе штучны інтэлект. Яго Еўрапарламент яшчэ мусіць узгадніць на перамовах з краінамі Еўразвязу.

Яна Шэк, «Белсат»