Данія дапаможа Беларусі


Данія мае міжнародную базу злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць мірнага насельніцтва Беларусі. Доказы ад праваабарончых арганізацыяў збірае інстытут супраць катаванняў Dignity. Цяпер краіна заявіла пра намер палітычнага ўдзелу ў справе Беларусі з акцэнтам на правах чалавека. Падчас сённяшняй сустрэчы з дацкім міністрам замежных справаў Епэ Кофадам, Святлана Ціханоўская абмеркавала арганізацыю міжнароднай канферэнцыі па аднаўленні законнасці ў Беларусі.

«Каб запрасіць усіх тых экспертаў і юрыстаў, якія працуюць у справе ўніверсальнай юрысдыкцыі, тых юрыстаў, якія падалі скаргі ў Федэральную пракуратуру Нямеччыны на Лукашэнку за злачынствы супраць чалавечнасці, тых, хто займаецца расследаваннямі «Ryanair», а таксама прадстаўнікоў Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у замежнай палітыцы Франак Вячорка.

Гэтаксама Данія вылучыла фінансаванне на падтрымку беларускай дыяспары за мяжой і для незалежных медыяў – перадусім на рэлакацыю журналістаў, праца якіх праз пераслед, ператрусы і суды становіцца амаль немагчымай у Беларусі.

Спыненне ціску на грамадзянаў і вызваленне палітычных вязняў – а гэта толькі 534 прызнаныя праваабаронцамі асобы – стане цэнтральнай тэмай сустрэчаў з уладамі Ірландыі і ЗША. Візіты ў гэтыя краіны Святлана Ціханоўская анансавала напярэдадні.

«У Ірландыі я прапаную паставіць Беларусь на парадак дня ў Радзе бяспекі ААН. Гэтаксама ў ЗША мы абмяркуем, як дабіцца, каб усе зняволеныя паводле палітычных матываў былі вызваленыя і рэабілітаваныя, а новыя выбары прайшлі сёлета», – кажа Святлана Ціханоўская.

Паставіць Беларусь сярод прыярытэтаў у сваёй замежнай палітыцы – задача для перамоваў у Кангрэсе ЗША, адзначае Франак Вячорка, бо менавіта ЗША могуць паўплываць на Маскву ў беларускім пытанні.

«Цяпер ужо вакол ЗША і Бруселю сфармавалася такая кааліцыя – Канада, Вялікая Брытанія, Еўразвяз, Вашынгтон і Украіна, якія паслядоўна, супольна выступаюць з заявамі адносна Беларусі, прымаюць санкцыі, аказваюць дапамогу. Мы будзем прасіць, каб амерыканцы зрабілі акт аб дэмакратыі ў Беларусі больш эфектыўным, больш практычным», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у замежнай палітыцы Франак Вячорка.

Літва ж стала першай краінай, што надала офісу Святланы Ціханоўскай дыпламатычны статус. Перамовы цяпер вядуць і з іншымі краінамі Еўразвязу. У адказ афіцыйны Менск выклікаў у Міністэрства замежных справаў літоўскага дыпламата, пасля чаго замежнапалітычнае ведамства заявіла пра намер да мінімуму скараціць дыпламатычнае прадстаўніцтва Літвы ў Беларусі. Што праўда, такі адказ можа адбіцца і на Беларусі.

«Увогуле, для існавання больш-менш устойлівай улады патрэбны замежнапалітычны баланс. І цалкам пазбавіцца стасункаў з Еўропай, са Злучанымі Штатамі будзе значыць, што беларускія ўлады будуць цалкам залежаць выключна ад таго, што ім скажа Масква», – мяркуе доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

Еўразвяз заклікаў беларускія ўлады дазволіць прысутнасць і працу дыпламатычных місіяў у Беларусі, бо гэта б’е ў тым ліку і на магчымасці для беларусаў атрымліваць візы, вандраваць, мець дапамогу на сацыяльныя праекты.

У той жа час еўрапейскі рынак зʼяўляецца важным для Беларусі, адзначае эксперт, і для пераарыентацыі яго ў Азію спатрэбяцца дзесяцігоддзі, таму поўнай дыпламатычнай ізаляцыі ад Захаду чакаць не давядзецца.

Юлія Лабанава, «Белсат»