Як даць рады баршчэўніку


Вялізная расліна з суквеццямі, падобнымі да парасона. Вы маглі бачыць баршчэўнік Сасноўскага на ўзбочынах дарог, палях, побач з вадаёмамі або нават у горадзе. Для Беларусі гэта інвазійны від.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта расліны, якія знаходзяцца за межамі свайго натуральнага арэала, распаўсюджванне і колькасць якіх ствараюць пагрозу жыццю або здароўю грамадзян, захаванню біялагічнай разнастайнасці, прычыненні шкоды асобным галінам эканомікі», – кажа прадстаўніца міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Людміла Барташэвіч.

Баршчэўнік трапіў у нашую краіну з Каўказу ў 50-ыя гады мінулага стагоддзя. Тады аграрыі разглядалі гэтую расліну як добры харч для жывёлы. Яны памыляліся.

«І малако, пасля таго як кароўку кармілі баршчэўнікам, было больш горкім, – кажа журналіст «Белсату», былы аграном Зміцер Лупач. – Потым даследаванні паказалі, што гэта нават выклікала мутацыі кароў – паяданне баршчэўніку – і нават цяляты нараджаліся з дэфектамі».

Баршчэўнік вывелі з сельгасабароту, аднак пазбавіцца ад яго аказалася не так проста.

«Невялікая паляна баршчэўніку дае насення штогод больш чым складае ўсё насельніцтва нашай рэспублікі, – разважае доктар біялагічных навук, загадчык сектару кадастру расліннага свету Інстытуту эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Алег Маслоўскі. – Таму небяспека гэтага віду вельмі вялікая, тым больш што насенне можа захоўвацца і не губляць сваю жыццяздольнасць больш за 10 гадоў. Таму гэты від стаў актыўна распаўсюджвацца па нашай краіне».

Агулам баршчэўнік займае ў Беларусі чатыры тысячы шэсцьсот гектараў. Што параўнальна, напрыклад, з плошчаю Фрунзенскага раёну Менску. Найбольш распаўсюджаны баршчэўнік на поўначы краіны – у Віцебскай вобласці. Але ёсць буйныя арэалы і ў Менскай. Гэтую расліну варта абыходзіць бокам. Калі яе сок усё ж трапіў на скуру, то неабходна як мага хутчэй прамыць яе вадой і схаваць ад сонечных прамянёў.

«Сок баршчэўніку, калі трапляе на скуру, выклікае потым пад уздзеяннем ультрафіялетавых промняў сонца моцныя апёкі. Кепска, што іх адразу не адчуеш. Толькі пасля таго як на гэтае месца трапіць сонечнае святло, ад гэтага церпяць людзі і некаторыя жывёлы, у якіх поўсць кароткая», – разважае Зміцер Лупач.

Цягам апошніх гадоў у Беларусі дамагліся стрымлівання распаўсюду баршчэўніку. Для гэтага выкарыстоўваюць як хімічныя прэпараты, так і прафілактычныя захады. Сярод іх касьба ды нагляд за пакінутымі землямі, бо баршчэўнік спрытна захоплівае тэрыторыі, на якіх чалавек не вядзе ніякай дзейнасці.

Ян Федаровіч, «Белсат».